У рэчцы вадзянікі люлькі кураць, пускаюць дым угару. Гэта — туман.
— Дык ты ня верыш? Эх!
Селянін махнуў рукой.
— Сьвяты камень ведаюць усе аколічныя вёскі. Дзеля яго і вёска наша завецца „Сьвяты Камень“. Пры камені пастаянна б‘е крыніца сьвятой вады. Вада памагае ад розных хвароб: сьляпы вочы вымые — відушчым зробіцца; кульгавы нагу вытра крынічнай вадой — нага выздаравее; хворы нап‘ецца гэтай вады здаровым робіцца. Гэта, хлопец, усім вядома!
Вынырнуў з-пад сівой хмары чырвоны месяц. Ён аблівае фосфарным сьветам усё навакол. Капліца выдзяляецца вельмі ярка, як постаць чорнага забабону.
— Вунь, бачыш, — там сьвяты камень, якраз заўтра кірмаш пры ім. Людзі прыяжджаюць з усёй аколіцы лячыцца. Прыносяць шмат ахвяр — палатном, салам, збожжам і грашмі. Цэлы дзень ідзе тут гандаль.
— І самагонку п‘юць? — запытаўся Грышка.
— Чаму ж ня выпіць? У нас і бацюшка п‘е. Ну дык што. З радасьці чаму ня выпіць? Бацюшка жыве гэтымі ахвярамі цэлы год.
Грышка захіхікаў.
— Ты ня сьмейся, малакасос, каб я здох, калі гэта няпраўда!
— Гэта праўда, што папу ад вашай дурнаты добрае жыцьцё…