Так маўкліва і няветла пазірае ў вокны з двара ноч, і ціханька скаголіць у коміне вецер, як-бы ўторыць невясёлым бабчыным думкам.
Стук у дзверы распужаў гэтыя думкі.
Бабка наўперад зірнула ў акенца.
- Гэта я! - пачуўся голас з двара каля дзвярэй.
Бабка Наста адчыніла дзверы.
- Ну, што? - запытала Панаса.
- Бачыўся з бацькам. Перадаў яму харчы.
- Куды-ж ён пашоў?..
- Пашоў... Казаў, каб за яго не баяліся... Напэўна да Параскі пойдзе... Заўтра ён прыдзе ў Зацемкі.
У бабкі Насты трохі адлягло ад сэрца.
Гутарка перайшла на палякаў. Нічога добрага спадзявацца ад іх нельга. Нягодныя, памаўзлівыя, з людзьмі абыходзяцца не па-людзку. Да бабкі Насты заходзіла Агата Смыга. Пераказвала аб розных учынках польскіх жалнераў. Да маладзіц і дзяўчат прыстаюць, па клецях лазяць, шворацца, бяруць гаспадарскае дабро. Смаж ім яечню, скваркі пячы. А чуць што не так, дык бізун у ход пускаюць.
Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. І злы-ж на іх Максім! І весці прывёз невясёлыя. Расправу чыніць польскае начальства над тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. А пан Крулеўскі назначаецца павятовым камісарам, войтаў па валасцях ставяць.