IV
Талаш не зразу пашоў на сваю сядзібу. Яго пацягнула на тое месца, дзе стаяў стажок і дзе адбылася яго баталія з жалнерамі. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Стажка не было. Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. У гэты момант раптам штось мільгнула непадалёку ад стажарышча. Пазірае дзед Талаш — чалавечая постаць! Хто-ж бы гэта быў такі? То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок. На тым месцы, дзе быў стажок, яна запынілася на момант, пастаяла, паслухала, а потым накіравалася ў хмыз. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік.
— Го-го!
— Го! — адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса.
Бацька і сын сышліся ў хмызняку.
— А я цябе каравулю, бацька! — ціхім голасам загаманіў Панас.
— Ну? — адазваўся стары Талаш, адчуваючы нешта новае ў голасе сына.
— У вёсцы палякі… Цябе шукаюць.
Бацька і сын прымоўклі на момант.
— Ты сёння дома не начуй, — парушыў маўчанне Панас.
Стары Талаш пачухаў патыліцу.