- Паночкі, што вы робіце? - палахліва загаварыў дзед Талаш, - нашто забіраеце сена?.. апошняе сена?. Чым-жа я худобу карміць-му?
- Ідзь до д'ябла! - азваўся з саней жалнер. А другі, што сядзеў на стажку, сумыслу кінуў на дзеда жмак сена і так спрытна, што ссунуў на патыліцу дзедаву шапку, што вельмі пацешыла жалнераў, выклікала іх рогат.
Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду. Больш таго, ён схапіў рукамі за шынель жалнера, што падаваў сена, і стаў перад ім на калені.
- Паночкі! не бярэце апошняга сена! У людзей ёсць у запасе, а гэта мой апошні стажок...
- Ідзь до д'ябла, стары пёс! - ускіпеў жалнер і штурхануў дзеда ў грудзі.
Са спрытам маладога дзяцюка ўсхапіўся з каленяй дзед Талаш. вочы яго заіскрыліся страшнаю злосцю.
- Сабака! - грымнуў ён голасам, поўным нянавісці і помсты. Сякера, як маланка ўзвілася ў дзедавых руках, бліснуўшы ўгары халодным, вострым лязом. Жалнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў як палатно і падаўся крута ў бок, каб ухіліцца ад сякеры.
- Апамятайся, бацька! - падскочыў да дзеда Максім і схапіў бацьку за рукі.
Збянтэжаныя жалнеры замерлі на момант. Яны ніяк не чакалі такога рэзкага перахода ў паводзенах дзеда.