Перайсці да зместу

Старонка:Дрыгва (1928).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДЗЕЯ ДРУГАЯ.

Хата Банадыся Смыка. Чыста прыбрана. На покуці многа абразоў. Стол, лавы, куфар, ложак, засланы саматканаю новаю коўдраю, многа падушак. На лавах розная сталярская снасьць, якая раскідана ў мастацкім беспарадку. Каля дзьвярэй стаіць толькі што скончанае вядро і начоўкі. Дзея адбываецца на другі дзень. На сцэне адзін Сьцяпан Іванавіч. Зьмярканьне.

ЗЬЯВА I

Сьцяпан (ходзіць па хаце і насьвіствае на мотыў „Кірпічыкі“, застанавіўся). О, гэта гаспадар. (Разглядае). Куды ні глянь, дык ёсьць на што паглядзець! Вось на якога селяніна трэба трымаць стаўку!.. (Паўза). Але ўчора залішне перахваціў!.. (Трымаецца за галаву). Нядобра!.. (Паўза). Але нічога!.. (Зноў ходзіць і насьвіствае на мотыў „Лявоніха“, а потым пробуе скакаць, дый яшчэ прыпявае).

А Лявоніху Лявон палюбіў,
Лявонісе чаравічкі купіў.
Лявоніха — душа ласкавая,
Чаравічкамі палясківала.