Старонка:Друк на Беларусі ў XVI і XVII сталецьцях.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да дробнае шляхты на Падзьвіньні. У матар'яльных адносінах, як гэта ўстаноўлена М. В. Доўнар-Запольскім, ён быў дробным зямляўласьнікам. Яго нярухомая маёмасьць, у параўнаньні з вялічэзнымі абшарамі тагачасных зямляўласьнікаў, была нязначная. У сваім жыцьці Цяпінскаму прыходзілася нямала змагацца з раднёй па жонцы, а таксама з мітрапалітам Кіеўскім. З гэтай прычыны Базыль Цяпінскі меў шмат непрыемнасьцяй і матар'яльных труднасьцяй. Адбіткам гэтых няпрыемнасьцяй зьяўляецца часткова яго прадмова да эвангельля, у якой ён скардзіцца на паноў, вышэйшых царкоўных асоб і наагул на духавенства. Ён скардзіцца таксама і на сваю матар'яльную незабясьпечанасьць, якая перашкаджала яму з посьпехам друкаваць падрыхтаваны ім пераклад[1].

Пасьля дасьледваньня М. В. Доўнар-Запольскага, няма сумненьняў ў належнасьці Б. Цяпінскага да протэстанцтва. Ён належаў да соцыніянскае сэкты. Напэўна, Базыль Цяпінскі быў дзейным сябром сэктанцкага брацтва, калі, згодна паказаньню Сымона Буднага, протэстанцкі сабор 1574 году адбываўся ў памяшканьні Базыля Цяпінскага. Спачатку Цяпінскі жыў у Несьвіжы і знаходзіўся пад протэктарствам уласьніка Несьвіжа, князя Радзівіла. Тут Цяпінскі меў сваю друкарню, якую ён называе вандроўнай і ў якой пазьней ён надрукаваў эвангельле. Ужо Ўладзімераў у сваім дасьледваньні аб Ф. Скарыне адзначыў пэўную сувязь паміж шрыфтамі эвангельля Цяпінскага і скарынавымі выданьнямі. Уладзімераў думае, што шрыфты трапілі ў мізэрную друкарню Цяпінскага беспасрэдна з друкарні Скарыны[2]. Цяпінскі, як прыпушчаюць дасьледчыкі, пакінуў Несьвіж каля 1565 г. На працягу 1565—1580 гадоў Цяпінскі ў сваёй вандроўнай друкарні надрукаваў эвангельле ў дзьвёх мовах—царкоўна-славянскай і „простой руской мове”, якая такімі буйнымі дасьледчыкамі, як А. І. Сабалеўскі і Е. Карскі прызнана беларускай. Месца выданьня і час выхаду застаецца невядомым. Базылю Цяпінскаму ня ўдалася надрукаваць цалкам усё эвангельле. Ён надрукаваў эвангельле ад Мацея, Марка і пачаў эвангельле Лукі. Памёр Цяпінскі каля 1608 году.

Эвангельле мае наступны загаловак: „Первая часть Новаго Завета або тестаменту — подлугъ словенъского разделенья. То есть от чотырехъ евангелістов Святое Евангеліе Иисуса Христа списаное, в которыхь іжъ одно писмо Еваньгельское. Прото однымъ словом его назвали Евангеліе". Выдадзенае эвангельле мае прадмову, якая далучана ў рукапісным відзе да таго паасобніку, што знаходзіцца ў Публічнай Бібліотэцы ў Ленінградзе[3], Гэтая прадмова мае вялізнае значэньне для высьвятленьня ідэолёгіі Базыля Цяпінскага, для характарыстыкі яго нацыянальна-культурных і політычных поглядаў, У прадмове, між іншым, сказана было наступнае: „Вжо бо еще хотяжъ то не безъ большое трудности пришло, ижь двѣма езыкн заразъ: и словенскимъ и при немъ тутъ же рускимъ, а то на большій словенскимъ, а злаща слово отъ слова такъ, яко они всѣ вездѣ во всихъ своихъ церквах чтут, и маютъ... Евангелія писаня Св. Матфея н Св. Марка и початок Луки есть въ той убогой моей друкарне отъ мене имъ выдруковано... До чого, абы первей сами и ихъ дѣтки смыслы свои неяко готовали,

  1. М. В. Довнар-Запольский. Василий Тяпинский. Исследования и статьи, Киев. 1909. Стар. 245 —255.
  2. П В. Владимиров. Ор. сіt, стар. 204.
  3. Прадмова ўпершыню была надрукавана Ўладзімеравым: „Киевская Старина", 1889, январь, перадрукавана цалкам Н. Янчуком у яго „Нарысах па гісторыі беларускае літаратуры", Менск, 1922, стар. 31— 37. Вялікія выняткі прыведзены Доўнар-Запольскім у дасьледваньні „Василий Тяпинский" (Исследования и статьи, стар. 235—245).