Старонка:Друк на Беларусі ў XVI і XVII сталецьцях.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

былі і гравюры. Уладзімераў налічыў у віленскіх выданьнях Скарыны—15 вузенькіх і 10 шырокіх заставак, адна паміж якіх мае вядомы гэрб Скарыны, злучэньне месяца з сонцам, і монограму тую-ж, што і ў праскіх выданьнях, але некалькі іначай зробленую. Гравюры зьмешчаны толькі ў Акафісьце. Усе гравюры ў „Малой Падарожнай Кніжыцы" па малюнку і падрабязнасьцях—каталіцкага характару, і бязумоўна, пэўная частка іх узята з Нюрнбэрскае Хронікі Шэделя [1].

Выданьнем дзьвёх кніг і абмежавалася друкарска-выдавецкая дзейнасьць Скараны ў Вільні. Мы ня ведаем, чаму яна спынілася, якія акалічнасьці дапамаглі гэтаму. Уладзімераў прыпушчае, што прычынаю гэтага былі розныя грашовыя перашкоды. Скарына меў у Полацку разам з сваім братам Янам непадзельную радавую маёмасьць, якая пацярпела праз паблытаныя справы і даўгі яго брата Яна. Апроч таго, Скарына меў нямала няпрыемнасьцяй з прычыны судовае спрэчкі, якая паўстала між віленскім мешчанінам Марцінам Субачовічам, яго жонкай і Мікалаем Чупрыном з аднаго боку, і жонкай доктара Францішка Скарыны з другога, з прычыны дома, якім уладала ў месьце Вільні жонка Францішка Скарыны. У канцы канцоў справа пайшла на суд да караля. Грамата Жыгімонта І, апублікаваная ў 1529 годзе, разьвязала спрэчку на карысьць жонкі Ф. Скарыны. Вялікакняскі вырак прысудзіў жонцы доктара Ф. Скарыны Мальгрэце, „держатн и въжывати супокойне на вечные часы подле суда… а тому Марътину и его жоне Анне и тому Миколаю Чупрыну и ихь потомъкомь казали есмо в том вечное молчане мети и на то есмо доктару Францышъку и его жоне Малкгорете далн сей наш лнст с нашою печатю"[2]. Уладзімераў думае, што няпрыемнасьці з-за процэсу адцягнулі Скарыну ад улюбёнае справы. Апроч таго, Уладзімераў паказвае, што ў гэтыя-ж самыя часы на Вільню наваліліся страшэнныя беды: у 1530 годзе пажар, які зьнішчыў дзьве трэці гораду, і ў 1533 годзе—страшэнная пошасьць. Уладзімераў прыпушчае, што Скарына быў яшчэ жывы ў 1535 годзе. Калі ў Полацку разглядалася справа яго брата адносна выплаты даўгоў, дык у гэтай справе памінаецца таксама імя Ф. Скарыны. Відавочна, Скарына быў яшчэ жывы ў гэты час [3]

IV.

Несьвіская друкарня.

Друкарская справа пасьля Скарыны на Беларусі доўгі час не разьвівалася. Між тым, на Беларусі шырака разгарнуўся протэстанцкі рух, галоўным чынам у відзе кальвінізму, які сустракаў вялікае спачуваньне з боку шырокіх шляхоцкіх колаў. Адным з асяродкаў кальвінскага руху быў горад Несьвіж, сталіца Несьвіскага княства, уласьнікам якога быў ваявода віленскі Мікола Радзівіл. Пад яго асьвечанаю ўладай распачалася друкарская дзейнасьць у Несьвіжы. У 1562 годзе Мацей Кавечынскі, несьвіскі намесьнік, Сымон Будны і Лаўрын Крышкоўскі выдалі кальвінскі катэхізіс у рускай, г. зн. у беларускай мове. Магчыма думаць, што выданьні Скарыны зрабілі пэўны ўплыў на несьвіскую друкарню, бо шрыфт катэхізісу вельмі падобны да шрыфту выданьняў Скарыны. Мусіць быць, шрыфт Скарынавых выданьняў служыў узорам для шрыфту катэхізіса [4].

  1. Ibid., стар. 177-178
  2. Владимиров П. В. Ор. сіt. Приложения, стар. 322.
  3. Ор. сіt, стар. 66—67, Приложения, стар 324.
  4. Каратаев. Ор. сіt, стар. 137