Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Кароль, аднак, не адмовіўся ад свайго намеру. Ён загадаў канцлеру Льву Сапегу ўнесьці ў інструкцыю гаспадарскім паслом на павятовыя соймікі вялікага княства перад соймам 1597 году каралеўскую просьбу а згодзе літоўска-беларускіх станаў на назначэньне паляка біскупам адзін раз. Ня гледзячы на пэрсональную каралеўскую просьбу, Слонімскі зьезд, адбыўшыйся 28-30 студзеня 1597 году, катэгорычна адхіліў яе. На падставе гэтай пастановы на сойме 1597 году літоўска-беларускія паслы рашуча адмовіліся задаволіць жаданьне караля і патрабавалі назначэньня на Віленскую катэдру ״литвина“. Справа аб Віленскім біскупстве была частым і бурным прадметам спрэчак на сойме 1597 г. 10 лютага сойм адчыніўся, а 27 ў пасольскай ізьбе Віленскае біскупства выклікала буру спрэчак. Палякі даводзілі, што вунія аб‘яднала абедзьве дзяржавы на аснове ўзаемнай дружбы, і дастойнасьці павінны раздавацца аднольква прадстаўнікам таго і другога народаў. Літоўска-беларускія паслы пратэставалі супроць гэтага, а 4 сакавіка заявілі, што будуць дабівацца выкананьня патрабаваньняў вялікага княства цаною жыцьця. Калі 11 сакавіка складалася комісія дзеля апрацоўкі соймавых пастаноў, літоўска-беларускія паслы згодзіліся на гэта толькі пад умовай выпаўненьня іх патрабаваньняў, 13 сакавіка прасілі караля аб назначэньні літвіна на Віленскае біскупства, 14 патрабавалі захаваньня свабод і вольнасьцяй вялікага княсжства, 17 зноў паднялі пытаньне аб Віленскім біскупстве, а 18 тое-ж зрабілі ў сэнаце; 19 панавілі свае заявы, а 20 ўчынілі нараду з сваімі раднымі панамі, якім спосабам дабіцца задаваленьня сваіх патрабаваньняў аб Віленскім біскупстве. Калі Жігімонт, даваўшы адказы ў канцы парады сойму на просьбы станаў, нічога не адказаў на заяву літоўска-беларускіх станаў, то ад імя літоўска-беларускіх станаў, выступіў гаспадарскі сакратар Еронім Валовіч, заявіўшы, што ў выпадку назначэньня Віленскім біскупам паляка, ён ня будзе літоўска-беларускім сэнатарам, потым зьвярнўся да канцлера і падканцлера з перакананьнем не прыкладаць да лістоў аб назначэньні паляка Віленскім біскупам пячаткі. Апроч таго літоўска-беларускія паслы падалі Льву Сапегу протэстацыю з заявай, што яны ня будуць і пачынаць ніякіх спраў, калі будзе паляк назначай Віленскім біскупам.

Сойм 1597 году ня вынес жадных пастаноў, і галоўнай прычынай гэтага былі спрэчкі аб Віленскім біскупе.

Між тым кароль номінаваў Бернарда Мацееўскага ў чэрвені 1597 г. Віленскім біскупам. Дзеля прадстаўленьня гэтае номінацыі папе патрэбна было прыкласьці пячатку Літоўска-Беларускага княства. Літоўска-беларускаму канцлеру быў прыслан ліст караля з ״номінацыяй‘ Б. Мацееўскага, якім загадвалася канцлеру прыкласьці пячатку. Сам Б. Мацееўскі явіўся да Сапегі і запытаў яго, ці прыкладуць яму пячатку да-яго номінацыі. Л. Сапега і быўшы тут-жа падканцлер Гаўрыла Война адказалі, што гэта яны могуць зрабіць па згодзе на гэта ўсіх станаў вялікага княства.

Кароль аднак і цяпер не адмовіўся ад сваёй думкі. На нарадзе з польскімі панамі рашано было да прадстаўленьня папе аб номінацыі Б. Мацееўскага прыкласьці польскую дзяржаўную пячатку, выходзячы з таго погляду, што ў Рыме ня прымецяць гэтага. Зьдзейсьненьне гэтага намера была-бы нарушэньнем ня толькі асноўнай констытуцыі, Трэйцяго Літоўскага Статуту[1] але і ўмоў Люблінскай вуніі аб захаваньні ўрадаў вялікага княства. Сойм 1598 году зноў становіцца арэнай спрэчак аб Віленскім біскупстве. Пад уплывам розных прычын Жыгімонт Ваза не хацеў вызываць абурэньня літоўска-беларускіх станаў і ў сваім адказе на пытаньні аб Віленскім біскупстве абвесьціў, што ка-

  1. ІІІ Літоўскі Статут ІІІ, 1 і 13.