Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Перадушыць, як гнёзды гнідаў?
Памылка, князь! Хто мур складаў,
Той можа гэты мур разбурыць,
Хто зброю панскую каваў,
Раскідаць можа грознай бурай
Са зброяй разам вас, панкі!
(Да сялян.)
Ідзіце-ж ў бой, мае сынкі!
Паліце панскія палацы!
Іх чорт стварыў з крыві і працы
І у зямелькі на плячах
Паставіў іх — сваю пячаць. —
Яны яе, святую, давяць!
Хацела я сабе на памяць
Ў магілу ўзяць зямлю з крывёй
Майго крыўдзіцеля, зямлёй
Пасыпаць сыннюю магілу,
Каб ведаў сын, што за яго
Народ адпомсціў…
Ды не трэба:
Крыві паноў не прыме глеба,
І гідка браць у рукі гной!..
Спі, сынку мой, і чуйна чуй,
Як тупаціць ў баю грамада,
Як трушчаць косці пана-гада,
Як глушаць крык яго «ратуй!»
Пачуй і маці ў грамадзе,
Яе апошні цяжкі поступ,
Як за жыццё на смерць ідзе
І, сэрца выняўшы з грудзей,
Нясе, як сцяг праўдзівай помсты
За лёс прыгнечаных людзей!

(Дзесьці забомкаў звон, пачуўся выбух, запалала зарава далёкага пажару. Даносіцца магутная песня).

Рогам турыным, трубой берасцянай
Клікнем мы кліч між народам загнаным,
Цяжкая доля мая!
Рукі ў каго мазалямі багаты,
Гора ў каго не выводзіцца з хаты,
Цяжкая доля мая!
Клікнем шукаць сваю вольную волю,
Цяжкая доля мая!

(Сцэна пустая. Толькі пад капліцай стуліўся поп і з апушчанай галавой стаіць Ясь, як адшчапенец народа).

Заслона

Мінск 1937 г.