Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/287

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Капуста.
К чаму гэта байка?
Суддзя.
К таму, проша пана,
Што наша жыццё не ідзе як па шнуру
Ад дня нараджэння к жалобе хаўтураў,
Яно, як рака, ўсё у лукі пагбана.
І хто яго знае — вялік свет, а можа
Ў княгіні з тым хамам, ад бога праклятым
І годным аддаць на павешанне катам,
Нічога, што можна назваць непрыгожым,
Яшчэ не было…
Капуста.
Вы мне соліце рану,
Я зараз завыю, як воўк сівы ў лесе.
Тут мала зарэзаць, тут мала павесіць…
Суддзя.
Мой пан, а ці мала у пана падданых,
Што маюць віну перад панам? Іх мукі
Суцешыць маглі-б вас… Вось тая дзяўчына,
Што пан мне казаў — «журавіна», «маліна»,
Яна, праз свой шлюб, пану лучыць у рукі,
Яе жанішок, калі ўзяць па закону,
З нацяжкай, вядома, халоп пана Дулі.
Капуста.
Абрыдлі мне, пане, Ганулі, Гапулі —
Няма майму сэрцу ад помсты адхлону,
Мне-б зараз ўварвацца ў натоўп гэтых хамаў,
І рэзаць і біць…
Суддзя.
О, хай бог вас бароніць:
Зрабіць гэта — значыць да смерці на ўлонне
Палезці жывому, — памысліце самі.
А з гэтай… Гапуляй маглі-б вы праверыць,
Ці можна княгіні і хаму паверыць?

З’ЯВА ХХХVIII

Урываецца войт і кідаецца пану ў ногі.

Войт.
Княжа любы, літасцівы,
Не вялі казніць, памілуй!
Госці нас з папом злавілі,
Мяне білі, ой, як білі,
А папа ў капліцу ўзялі,

Рагаталі, ўспаміналі