Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ёган.
А хто атруту даў?
Арына.
Высока, не дастанеш.
Ёган.
Дык сведак у цябе няма?
Арына.
Сама я сведчу… Ты дазволь прысесці,
Бо галаву абводзіць…

(Яна апускаецца на табурэт. Ёган бярэ карэц, чэрпае ім ваду і, захіліўшыся, высыпае ў яго нейкае зелле).

Арына.
А Маргарыту мучыць кіньце, бо нічога
Не ведала яна.
Ёган.
Мы Маргарыту выпусцім… Вось выпі
Вадзіцы коўшык, ды ідзі дахаты:
Сама памрэш, нашто старую мучыць?

(Арына бярэ карэц і паволі выпівае).

Арына.
Вось так Адвернік піў, я назірала.
І з той пары што-б ні піла, ні ела —
У роце горка мне… І зараз горка…
Ёган.
Брат пісар!

(Манах паяўляецца ў дзвярах).

Ёган.
Правядзі яе за дзверы. Старую хіліць сон.
Арына.
Так, сон… Спаць не магла спакойна,
Пакуль быу брат… і Маргарыта
Цярпела мукі… Зараз я засну…

(Манах выводзіць Арыну. Ёган хутка выпаласквае карэц.)

Ёган.
Засні… апошні, непатрэбны сведка.

(Манах упускае праз дзверы Маргарыту. Яна ледзь ідзе, але твар яе свеціцца высокім душэўным хараством).

Ёган.
Ну што, ўдава, жыццё лягчэй без мужа?
І саладзей?
Маргарыта.
Калі-б не навялі ноч злую злыя людзі,
Маё жыццё было-б цяпер, як ранак.
Ёган.
Ідзе за ранкам поўдзень, спёка… Пачакай,

Калі ты не прызнаешся…