Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/511

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзесяці коннікаў. Сэрца у Дон-Кіхота забілася ад хвалявання, а ў Санчо замерла ад страху, бо людзі, ехаўшыя ім насустрач, былі ўзброены коп’ямі і мелі вельмі ваяўнічы выгляд. Дон-Кіхот абярнуўся да Санчо і сказаў:

— Каб не маё абяцанне, я мог-бы ўзяцца за зброю, і гэтая грамада здалася б мне салодкім тортам і пернікам. Але можа гэта што-небудзь другое, а не тое, чаго мы баімся.

У гэты час коннікі пад’ехалі да іх і, не кажучы ні слова, акружылі Дон-Кіхота і накіравалі свае коп’і яму ў спіну і грудзі, пагражаючы смерцю.

Адзін з іх, прылажыўшы палец да губ, схапіў за аброць Расінантэ і адвёў яго з дарогі.

Тое-ж самае было зроблена і з Санчо. Абодвух палонных пагналі наперад.

Калі яны спрабавалі казаць хоць слова, іх зараз-жа пачыналі біць коп’ямі.

Такім чынам у поўнай маўклівасці яны каля гадзіны ночы прыехалі ў замак, у якім Дон-Кіхот адразу-ж апазнаў замак герцага.

Увайшоўшы ў галоўны двор замка, коннікі злезлі з коней і, узяўшы Санчо і Дон-Кіxoга сілай на рукі, унеслі іх на двор, вакол якога гарэла каля сотні факелаў.

Дзякуючы гэтым факелам і некалькім сотням лямпак на галерэі, акружаўшай двор, адсутнасць дзённага святла не была прыкметна.

Сярод двара, футаў на шэсць ад зямлі, стаяў катафалк, пакрыты балдахінам з чорнага мошаста. Вакол катафалка гарэла на ступенях больш сотні свечак з белага воска, а на катафалку ляжала мёртвае цела да таго прыгожай дзяўчыны, што, дзякуючы яе прыгожасці, сама смерць здавалася прыгожай. У гэтай дзяўчыне Дон-Кіхот апазнаў Алтысідору.

З аднаго боку двара была пабудавана эстрада; тут на двух крэслах сядзелі два чалавекі, якія, мяркуючы па каронах на іх галовах і скіпетрах у руках, здаваліся каралямі, сапраўднымі або фальшывымі. Побач з гэтай эстрадай стаялі другія два крэслы, на якія пасадзілі Дон-Кіхота і Санчо.