Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/487

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ліўшы сваё цела, удар сябе аброццю Расінантэ трыста або чатыраста разоў у лік тых трох тысяч з лішкам, якія ты павінен зрабіць сабе, каб зняць чары з Дульсінеі. Табе-ж павінна быць шкада, што гэтая бедная сен’ёра застаецца зачараваная з-за тваёй бесклапотнасці і неахайнасці.

— На гэта можна многае адказаць, — заявіў Санчо, — а покуль давайце ляжам абодва спаць. Няхай пацерпіць сен’ёра мая Дульсінея. Калі яна менш за ўсё будзе чакаць, яна ўбачыць мяне пасечанага ўдарамі. Покуль не памрэш, працягваеш жыць, — я хачу гэтым сказаць, што я маю яшчэ час выканаць тое, што я абяцаў.

Дон-Кіхот падзякаваў яго за гэта і пад’еў крыху, а Санчо — многа. Потым абодва ляглі спаць і, прачнуўшыся досыць позна, адправіліся ў сваё падарожжа, спяшаючыся даехаць да заезджага двара.

На гэты раз Дон-Кіхот называў яго менавіта так, супроць свайго звычаю бачыць ва ўсіх заезджых дварах зачараваныя замкі. Прыехаўшы туды, Санчо завёў жывёлу ў стайню і даў ёй корму, выказаўшы пры гэтым асаблівую падзяку небу за тое, што гаспадару яго гэты заезджы двор не здаўся замкам. Калі падышоў час вячэры, яны накіраваліся да сябе ў пакой, і Санчо запытаў у гаспадара двара, што ён можа даць ім паесці. Гаспадар адказаў: „няхай яны пытаюцца чаго хочуць, бо гэты заезджы двор забяспечаны ўсім, што ім захочацца“.

— Не патрэбна так многа, — адказаў Санчо, — пары падсмажаных куранят з нас хопіць.

Гаспадар адказаў, што ў яго няма куранят, бо груганы іх знішчылі.

— Няхай тады сен’ёр гаспадар загадае падсмажыць курыцу, толькі маладзейшую.

— Курыцу, браце мой?! — са здзіўленнем перапытаў гаспадар. — Акурат учора я паслаў у горад прадаць больш як пяцьдзесят курэй.

— У такім выпадку, — сказаў Санчо, — у вас, вядома, знойдзецца цяляціна або казляціна.