Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/451

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сваю прастату, грубасць і невуцтва. Усім, хто застаўся з ім, і доктару Педро Рэсіё, які зноў вярнуўся ў залу, ён сказаў:

— Цяпер я сапраўды разумею, што суддзі і губернатары павінны быць з бронзы, каб не адчуваць дакукі прасіцеляў, якія клапоцяцца толькі пра сваю справу. Суддзі-ж таксама людзі з мяса і касцей і павінны даць прыродзе тое, што яна патрабуе ад іх. Гэта толькі мне не даюць нічога есці, дзякуючы сен’ёру доктару Педро Рэсіё, які хоча, каб я памёр з голаду.

Пасля гэтага доктар урачыста абяцаў даць яму павячэраць увечары. Нарэшце прышоў жаданы час, калі далі на вячэру мяса з цыбуляй і вараныя цялячыя ногі. Санчо накінуўся на ўсё з вялікім здавальненнем і сказаў, звяртаючыся да доктара:

— Сен’ёр доктар, з гэтага часу не клапаціцеся даваць мне есці ўсялякія прысмакі, бо гэта азначала-б зрываць з завесы мой страўнік, які прывык да простага харчу. Няхай паклапоцяцца пра маё харчаванне і харчаванне майго Шэрага, бо гэта — самае галоўнае. Калі прыдзе час, я зраблю абыход, бо я мяркую ачысціць гэты востраў ад усялякага людскога бруду і ад розных валацуг, гультаёў і бяспутных людзей. Правільна кажу я або балбачу глупства?

— Ваша міласць гаворыць да такой ступені разумна, сен’ёр губернатар, — адказаў мажардом, — што я проста здзіўлены.

Нарэшце Санчо скончыў сваю вячэру і, калі прышоў вечар, ён накіраваўся ў абыход разам з мажардомам, сакратаром, пажам, летапісцам, на абавязку якога ляжала запісваць усе яго ўчынкі, і са столькімі альгасіламі[1] і актуарыусамі, што з іх можна было-б скласці сярэдняга памеру батальён. Прайшоўшы некалькі вуліц, яны пачулі лязг нажоў і, паспяшыўшы да таго месца, убачылі, што б’юцца два чалавекі.

  1. Паліцэйскі.