Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/443

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не, сен’ёр, — адказаў паж. — Ён здаецца крышталёвай душой.

— Ці нельга было-б, — запытаў Санчо, — цяпер, калі тут няма доктара Педро Рэсіё, атрымаць мне паесці што-небудзь грунтоўнае і больш сытнае, хаця-б кавалак хлеба або цыбуліну.

— Сёння ўвечары вячэра ўзнагародзіць вас за адсутвасць абеда, ваша светласць застанецца здаволенай, — сказаў паж, што загадваў абедам.

У гэты час увайшоў селянін з вельмі прыемным выглядам. За тысячу міль можна было ўбачыць, што ён вельмі добры чалавек.

Перш-на-перш ён запытаў:

— Хто тут сен’ёр губернатар?

— Хто-ж можа ім быць, — адказаў сакратар, — як не той, хто сядзіць там на крэсле!

— У такім выпадку схіляюся перад тварам яго, — сказаў селянін і, стаўшы на калені папрасіў у яго руку, каб пацалаваць яе.

Але Санчо не дапусціў да гэтага і загадаў яму падняцца і растлумачыць, што яму трэба.

— Я, сен’ёр, селянін родам з Мігель-Тура, — сказаў прасіцель. — Справа мая ў тым, што я быў жанаты, і ў мяне два сыны — студэнты; з іх малодшы рыхтуецца ў бакалаўры, старэйшы — у лісенсіяты. Цяпер — я ўдавец, бо жонка мая памерла або, больш правільна, яе забіў дрэнны доктар, а калі-б яна не памерла, дзіця яе было-б сынам, і ён рыхтаваўся-б у мяне на доктара, каб ён не мог зайздросціць сваім братам бакалаўру і лісенсіяту[1].

— Так што, — сказаў Санчо, — каб ваша жонка не памерла, або каб яе не забілі, вы цяпер не былі-б удаўцом?

— Так, сен’ёр, ніякім чынам не быў-бы ім, — адказаў селянін.

— Шпарка мы пасоўваемся! Ну, далей, браце! Цяпер час спаць, а не займацца справамі.

  1. Бакалаўр — першая вучоная ступень, лісенсіят — другая, доктар — трэцяя і апошняя.