Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/412

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вазьму я вас, дон нягоднік, які аб’еўся часнаку, — сказаў Дон-Кіхот, — прывяжу да дрэва голага, як маці нарадзіла вас, і дам не тры тысячы трыста, а шэсць тысяч шасцьсот удараў!

Пачуўшы пагрозы рыцара, Мерлін сказаў:

— Гэтага не павінна быць! Удары, якія добраму Санчо трэба атрымаць, павінны быць зроблены ім самому сабе добраахвотна, а не прымусова, і толькі тады, калі ён захоча, бо тэрмін яму не прызначаны. Але яму дазваляецца, калі-б ён захацеў пазбавіць напалову сваё бічаванне, даручыць гэта чужой руцэ хаця-б яна і была некалькі цяжкаватай.

— Ні чужая, ні свая, ні цяжкая, наогул ніякая рука не датыкнецца да мяне, — сказаў Санчо. — Чаму гэта мае ляшкі павінны расплачвацца за грахі Дульсінеі. Іншая справа, пан мой, які складае частку яе сутнасці (ён-жа сам на кожным кроку гаворыць пра яе: „Жыццё маё, душа мая“): ён можа і павінен біць сябе дзеля яе і ўзяць на сябе ўсе клопаты па зняццю з яе чар. А каб я сябе біў — не згаджаюся!

Санчо не паспеў дагаварыць апошніх слоў, як срэбная німфа, сядзеўшая поплеч з Мерлінам, паднялася. Скінуўшы з сябе вуаль, яна адкрыла твар, які паказаўся ўсім надзвычайна прыгожым.

З мужчынскай вольнасцю і не вельмі жаночым голасам яна сказала:

— О, няшчасны зброеносец з гладышовай душой і сэрцам з пробкавага дрэва! Каб табе, бессаромны нягоднік, загадалі кінуцца ўніз з высокай вежы, каб цябе, вораг чалавечага роду, прасілі з’есці тузіну жаб, дзве тузіны яшчарак і тры тузіны вужак, каб цябе прасілі зарэзаць жонку сваю і дзяцей — не дзіўна было-б, каб ты выказаў агіду і непахіснасць волі. Пашкадуй, брыдкая пачвара, мае квітучыя гады, якія вянуць і марнеюць пад грубай абалонкай сялянкі. „Сёння я з’явілася сюды ў гэтым выглядзе толькі з асаблівай ласкі Мерліна, каб прыгожасць мая магла зрабіць цябе больш ласкавым. Бі, бі бізуном тлустае сваё цела, неўгамонная жывёла, абудзі ад сна ляны дух свой, які прымушае цябе