Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/408

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чамі прыказак, якія ён так дарэчы прыводзіць, як мне прыемна слухаць іх.

— Прыказкі Санчо Панса, — заўважыла герцагіня, — каштоўныя за кароткасць выразаў.

У гэткіх і іншых цікавых гутарках шпарка прайшоў дзень, і пачала апускацца ноч, якая прынесла з сабой поцемкі, вельмі спрыяючыя для планаў герцага і герцагіні. Перад надыходам поўнай цемры раптам здалося, нібы ўвесь лес з усіх чатырох бакоў у полымі. Адразу пачуліся тут і там гукі бязлікага мноства труб і іншых ваенных інструментаў. Потым пачуўся ваяўнічы крык маўраў: „Ла іла ілла ілла!“[1]. Трубы і ражкі гралі, бубны білі. Трэ’ было быць зусім нячулым, каб не страціць прытомнасці ад мяшанага гуку столькіх інструментаў. Герцаг і герцагіня былі ашаломленыя, Дон-Кіхот здзіўлены, Санчо дрыжаў, і нават самі ўдзельнікі жарту спалохаліся. Разам са спалохам запанавала агульнае маўчанне. У гэты час да іх пад’ехаў вярхом паштальён у выглядзе д’ябла, трубячы ў вялікі сагнуты рог, з якога выходзілі хрыплыя і страшэнныя гукі.

— Эй, брат ганец, — сказаў герцаг, — хто вы такі і адкуль і што за ваенны люд праходзіць праз лес?

Ганец адказаў глухім і жудасным голасам:

— Я — д’ябал і шукаю Дон-Кіхота Ламанчскага. Люд, які там праходзіць, складаецца з шасці атрадаў чараўнікоў, вязучых на трыумфальнай калясніцы непараўнальную Дульсінею Табоскую. Яна едзе зачараваная і з ёю вясёлы француз Мантэсінос, каб расказаць Дон-Кіхоту, як могуць быць зняты чары з успамянёнай сен’ёры.

— Калі-б вы былі д’яблам, як гаворыце, вы-б адразу апазналі рыцара Дон-Кіхота, бо ён стаіць перад вамі.

— Клянуся сваім сумленнем, — сказаў д’ябал, — я пра гэта не думаў. У мяне ў галаве столькі розных думак, што пра галоўнае я і запамятаў.

  1. Баявы крык маўраў „ла іла ілла ілла!“ азначае: няма бога, апрача бога.