Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/406

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце яны прыехалі ў лес, раскінуты між двума высокімі горамі, дзе пачалося паляванне, такое шумнае, што нельга было пачуць адзін аднаго з-за брэху сабак і гука паляўнічых рагоў. Герцагіня злезла з каня і з вострай рагацінай у руках заняла месца, дзе звычайна выбягалі некаторыя дзікія вепры. Герцаг і Дон-Кіхот, таксама злезшы з коней, сталі па абодвух баках герцагіні. Санчо астаўся ззаду ад усіх, не злазячы з Шэрага. Толькі яны занялі месца, як проста на іх выбег выгнаны сабакамі і праследваемы паляўнічымі вялікі вепр. Убачыўшы яго, Дон-Кіхот надзеў на руку шчыт і, падняўшы меч, выступіў наперад насустрач вепру; тое-ж зрабіў і герцаг, трымаючы ў руках рагаціну, а герцагіня апярэдзіла-б іх усіх, каб герцаг не спыніў яе.

Адзін толькі Санчо, убачыўшы раззлаванага звера, саскочыў з Шэрага, кінуўся з усіх сіл уцякаць і спрабаваў быў узлезці на высокі дуб. Але гэта яму не ўдалося: калі ён ўжо ўзлез да паловы дуба і схапіўся за сук, каб узлезці на верхавіну — галіна пад ім зламалася. Падаючы, ён зачапіўся за выступіўшы сук, на якім і павіс у паветры, не маючы мажлівасці спусціцца на зямлю. У такім становішчы, убачыўшы, што зялёная паляўнічая вопратка яго рвецца, і баючыся, што лютая жывёла накіруецца сюды, Санчо пачаў так моцна крычаць, што ўсе чуўшыя, але не бачыўшыя яго, падумалі, што ён ў зубах якога-небудзь дзікага звера.

Нарэшце, вепр з вялікімі клыкамі паў пад ударамі рагаціны многіх паляўнічых. Дон-Кіхот, павярнуўшыся на крык Санчо, убачыў яго вісячым на дубе галавой уніз. Поплеч з ім стаяў Шэры, які не пакінуў яго ў бядзе. Наогул мала хто бачыў Санчо Панса без Шэрага або Шэрага без Санчо — такім вялікім было іхняе сяброўства і прыхільнасць. Дон-Кіхот падышоў і адчапіў Санчо. Убачыўшы сябе вольным і стаячым на зямлі, ён агледзеў свой падраны паляўнічы гарнітур і пакрыўдзіўся да глыбіні душы.

Між тым важкага вепра палажылі на ўючнага мула і павезлі, як пераможны трафей, да вялікіх паляўнічых па-