Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/401

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хітруны-кухарчыкі і нават мажардом, быўшыя разам з ім, думалі, што герцагіня сапраўды гаворыць сур’ёзна: яны знялі анучу з грудзей Санчо і, пакінуўшы яго ў спакоі, пайшлі засаромленыя. Як толькі Санчо ўбачыў, што выратаваўся ад гэтай вялікай, як яму здавалася, небяспекі, ён паў на калені перад герцагіняй і сказаў:

— За ласку, якую ваша высокасць мне цяпер зрабіла, я хачу быць пасвечаным у вандроўныя рыцары, каб усё сваё жыццё аддаць на служэнне такой знатнай сен’ёры. Я — селянін; імя маё — Санчо Панса; я жанаты, маю дзяцей і служу зброеносцам. Калі чым-небудзь з усяго гэтага я магу служыць вашай высокасці, не паспее ваша светласць загадаць, як ужо загад будзе мною выкананы.

— Цяпер відаць, Санчо, — сказала герцагіня, — што вы выхоўваліся пад кіраўніцтвам Дон-Кіхота, які не можа не быць узорам ветлівасці і цэрамоній, або цырымоній, як вы гаворыце. Падыміцеся, сябра Санчо. Я заплачу вам за вашу ветлівасць тым, што папрашу сен’ёра майго герцага, каб ён як мага хутчэй надзяліў вас абяцаным ім губернатарствам.

На гэтым спынілася іхняя гутарка, і Дон-Кіхот пайшоў адпачыць пасля абеда. Герцагіня-ж папрасіла Санчо, калі яму не асабліва хочацца спаць, правесці час сіесты з ёю і з яе дзяўчатамі ў вельмі прахладнай зале. Санчо адказаў, што ён сапраўды мае звычай спаць улетку чатыры або пяць гадзін пасля абеда, але каб дагадзіць яе светласці, ён з усёй сілы паспрабуе не спаць сёння і прыдзе да яе, падначальваючыся яе загаду.


РАЗДЗЕЛ XXXI
Аб прыемнай гутарцы герцагіні і яе дзяўчат з Санчо Панса, заслугоўваючай быць прачытанай і адзначанай

Каб стрымаць сваё слова, Санчо пайшоў пасля абеда да герцагіні, якая загадала яму сесці поплеч з сабой. Санчо, як добра выхаваны, не згаджаўся сядаць, але калі герцагіня сказала, каб ён сеў як губернатар і гаварыў як зброеносец, Санчо паціскаў плячыма, падначаліўся і сеў. Усе дзяўчаты