Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/358

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сным сэрцам Дурандартэ. Яна не такая прыгожая, як пра яе шла слава: прычынай таму дрэнныя ночы і яшчэ горшыя дні, якія церпіць яе сэрца з-за другога сэрца. Калі-б не гэта, наўрад ці магла-б параўнацца з ёй па прыгожасці, хараству і розуму вялікая Дульсінея Табоская, так праслаўленая на ўсім свеце.

„Хопіць, сен’ёр Мантэсінос! — сказаў я тады. — Расказвайце, міласць ваша, гісторыю сваю як трэба. Зусім няма чаго параўноўваць каго-б там ні было з кім-бы там ні было. Непараўнальная Дульсінея Табоская ёсць тое, што яна ёсць, а сен’ёра Белерма тое, чым яна была — і ўсё тут!“

„Сен’ёр Дон-Кіхот, — адказаў ён мне, — няхай прабачыць мне ваша міласць. Я павінен быў адразу заўважыць, што вы — рыцар Дульсінеі, і лепш прыкусіць сабе язык, чымся параўноўваць яе з кім-бы там ні было, апрача неба“.

Гэтыя словы, сказаныя вялікім Мантэсіносам, заспакоілі маё сэрца.

— А я проста дзіўлюся, — сказаў Санчо, — як гэта ваша міласць не накінулася на старога, не пераламала яму рэбры і не вырвала ў яго бараду да апошняга валаска.

— Не, сябра Санчо, усе мы абавязаны выказваць павагу старым, асабліва, калі яны рыцары, ды да таго-ж яшчэ зачараваныя.

— Не ведаю, сен’ёр Дон-Кіхот, — заўважыў тут стрыечны брат, — як вы ў такі кароткі час бачылі столькі рэчаў і так многа гаварылі.

— А колькі часу прайшло, як я спусціўся ў пячору? — запытаў Дон-Кіхот.

— Крыху больш гадзіны, — сказаў Санчо.

— Гэтага быць не можа, бо пры мне там тры разы наступала ноч, так што, па майму разліку, я тры дні прабыў у той далёкай мясцовасці.

— Мой пан, напэўна, гаворыць праўду, бо ўсё з ім здарылася шляхам чараўніцтва, і тое, што нам здаецца гадзінай, там цягнецца тры дні і тры ночы.

— Так яно, мусіць, і ёсць, — згадзіўся Дон-Кіхот.