Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/349

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

авечка, і ніхто не адбярэ яе ў яго. Хто-ж паспрабуе гэта зрабіць, таму давядзецца прайсці спачатку цераз спічак гэтага кап’я.

Дон-Кіхот абудзіў спалох ва ўсіх, бо ніхто не ведаў яго.

Камачо-ж так пакрыўдзіўся на Кітэрыю, што адразу выкінуў яе вобраз са сваёй галавы і лёгка згадзіўся на ўгаворы папа, якому ўдалося заспакоіць і сціхамірыць Камачо і яго прыхільнікаў.

Яны схавалі свае мячы, ганьбячы больш Кітэрыю за яе лёгкадумства, як Басіліё за яго ашуканства. Камачо нават заявіў, што калі Кітэрыя кахала Басіліё дзяўчынай, дык яна кахала-б яго і замужняй жанчынай. З гэтай прычыны ён павінен дзякаваць лёс за тое, што ён адабраў яе ў яго.

Багаты Камачо, каб паказаць, што ён не мае злосці за сыграны з ім жарт, захацеў, каб святы ішлі сваёй чаргой, нібы ён і сапраўды павянчаўся. Але Басіліё, яго жонка і прыхільнікі іхнія адмовіліся прысутнічаць на гэтых святах і накіраваліся ў вёску Басіліё.

Яны павялі з сабою Дон-Кіхота, лічачы яго чалавекам паважаным і мужным.

У аднаго толькі Санчо душа зацямнілася горам, калі ён убачыў, што яму нельга прысутнічаць на бліскучай пагулянцы і святах Камачо, якія цягнуліся да глыбокай начы. Нездаволены і сумны, ішоў ён за сваім панам, пакінуўшы за сабою багатыя катлы. Праўда, ён панёс іх з сабою ў душы, бо пена з іх, быўшая ў яго ў кацялку, напамінала яму пра пышнасць і багацце таго, што ён страціў.


РАЗДЗЕЛ XXI,
у якім паведамляецца пра вялікую прыгоду ў пячоры Мантэсінос, даведзеную да шчаслівага канца харобрым Дон-Кіхотам

Маладажоны частавалі Дон-Кіхота ветліва і багата, адчуваючы сябе абавязанымі яму за шчырасць у абароне іхняй справы. Добры Санчо падмацоўваў свае сілы на працягу