Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/347

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рыхтаваўся памерці. Кітэрыя, падышоўшы да яго, стала каля яго на калені і знакам папрасіла ў яго руку. Басіліё расплюшчыў вочы, глянуў на яе ўважліва і сказаў:

— О, Кітэрыя, я не маю сілы перажыць шчасце, якое ты мне даруеш, зрабіўшы мяне сваім мужам! Пра адно толькі ўпрашаю цябе о, ракавая зорка мая: каб ты ўзяла маю руку і аддала мне сваю — не для таго, каб зноў ашукаць мяне… кажы, што, не робячы прымусу над сваёй воляй, ты аддаеш мне руку сваю, як законнаму мужу… Было-б нядобра, каб у такую хвіліну ты ашукала мяне або хітрыла з тым, хто заўсёды адносіўся да цябе з поўнай праўдзівасцю.

У час гэтай прамовы ён некалькі разоў траціў прытомнасць, і прысутныя думалі, што ён памірае ўжо. Кітэрыя-ж, узяўшы правую руку Басіліё, сказала:

— Ніякі прымус не меў-бы сілы схіліць маю волю. З самай поўнай воляй, якую я маю, даю табе маю руку, як законная твая жонка, і прымаю тваю, калі ты даеш яе мне па вольнай ахвоце са свядомасцю, незацямнёнай няшчасцем, у якое кінуў цябе твой неабдуманы ўчынак.

— Даю табе руку, — адказаў Басіліё, — у поўным розуме і ў цвярозай развазе.

— А я аддаю сябе табе, — прамовіла Кітэрыя, — усё-адно, ці пражывеш ты доўгія гады, або занясуць цябе зараз у магілу.

— Для цяжка раненага, — сказаў тады Санчо, — гэты малады хлопец нешта ўжо вельмі многа гаворыць. Час-бы яму кінуць свае любоўныя гісторыі і паклапаціцца пра сваю душу, якая, як мне здаецца, засела ў яго больш на языку, чымся збіраецца пакінуць яго цела.

Як толькі Басіліё і Кітэрыя злучылі свае рукі, мяккасардэчны поп са слязмі на вачах блаславіў іхні шлюб, просячы неба заспакоіць душу адыходзячага ў лепшае жыццё маладога. Але гэты апошні, атрымаўшы блаславенне, шпарка ўскочыў на ногі. З надзвычайнай спрытнасцю выцягнуў ён шпагу са свайго цела, служыўшага ёй ножнамі.