Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/345

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Працэсія накіравалася да эстрады, пастаўленай у канцы луга, дзе павінен быў адбыцца абрад вянчання. Дайшоўшы да гэтага месца, яны пачулі адзаду сябе шум і гучнае ўсклікванне: — Пачакайце крыху!

Усе павярнулі галовы і ўбачылі чалавека ў чорнай суконнай накідцы. На галаве ў яго быў вянок з траурнага кіпарыса, а ў руках вялікая палка. Калі ён падышоў бліжэй, у ім апазналі прыгожага Басіліё і чакалі ў здзіўленні, чым скончыцца ўсё гэта, баючыся, каб не вышла чаго дрэннага ад з’яўлення яго ў такі час. Стаўшы перад маладымі, ён уваткнуў палку сваю са сталёвым спічаком у зямлю. Пабляднеўшы і гледзячы на Кітэрыю, ён хрыплым голасам прамовіў:

— Ты добра ведаеш, няўдзячная Кітэрыя, што ты не можаш, покуль я жывы, выйсці замуж за другога. Я заўсёды меў да цябе павагу, якая патрабуецца тваёй чэсцю; але ты, адкінуўшы ўсе свае абавязкі да мяне, парашыла аддаць сябе другому, чыё багацце зрабілася для яго прычынай нечуванага шчасця. Каб ён карыстаўся ім у поўнай меры, я сам сваёю рукой знішчу перашкоду, якая магла-б пашкодзіць яго шчасцю. Няхай жыве багаты Камачо з няўдзячнай Кітэрыяй доўгія і шчаслівыя гады, і няхай памрэ Басіліё, беднасць якога абрэзала крыллі яго шчасцю!

Сказаўшы гэта, ён схапіўся за палку, уваткнутую ў зямлю. Адна палова яе асталася ў зямлі, прычым выявілася, што яна з’яўлялася ножнамі для захаванай у яе шпагі. Усадзіўшы рукаятку шпагі ў зямлю, Басіліё з шпаркасцю і цвёрдай рашучасцю кінуўся на яе.

У адно імгненне акрываўлены спічак з паловай ляза вышаў з яго плеч. Няшчасны, плаваючы ў крыві, ляжаў распасцёртым на зямлі, працяты ўласнай сваёй зброяй.

Сябры яго адразу падбеглі да яго, і Дон-Кіхот, сышоўшы з Расінантэ, таксама кінуўся на дапамогу. Падхапіўшы яго на рукі, ён убачыў, што юнак ледзь дыша. Сябры хацелі было выцягнуць шпагу з яго раны, але поп, быўшы тут, сказаў, што гэтага рабіць нельга, покуль ён не паспавя-