Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/343

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з дваццаці чатырох маладых хлапцоў. Яны пачалі танцаваць, а потым да іх далучылася група танцаваўшых вельмі прыгожых дзяўчат, апранутых у вопратку з зялёнай матэрыі. Грала дзяўчатам саморская валынка, і яны — са сціпласцю ў вачах і спрытнасцю ў нагах — паказалі сябе лепшымі танцоркамі ў свеце.

Некалькі актораў выступілі з вершамі, а потым паставілі сатырычную пантаміму, складзеную мясцовым папом.

— Няхай жыве Камачо! — крычаў ва ўсё горла Санчо.

— Адразу відаць, — сказаў яму Дон-Кіхот, — што ты грубы чалавек, адзін з тых, якія заўсёды крычаць: „няхай жыве пераможца!“

— Не ведаю, з якіх я, — адказаў Санчо, — але добра ведаю, што з гаршкоў Басіліё я ніколі не здыму такой пены, якую я зняў з гаршкоў Камачо! — І, паказаўшы яму кацялок, напоўнены гусямі і курамі, ён выцягнуў адтуль адну з іх і пачаў есці з вялікай прагнасцю і апетытам, кажучы: — Чорт з імі, з гэтымі талентамі Басіліё! На свеце ўсяго толькі два паходжанні і станы, як казала мая бабуля: багатыя і бедныя, а яна сама заўсёды трымалася багатых. Багаты больш каштоўны, як той, хто толькі ведае, але нічога не мае, таму што асёл, пакрыты золатам, выглядае лепш за каня, на якім уючнае сядло.

— Скончыў ты свае разважанні, Санчо? — запытаў Дон-Кіхот.

— Давядзецца скончыць, бо я бачу, што яны абрыдлі вашай міласці, а калі-б не гэта, у мяне нарыхтавана матэрыялаў хоць на тры дні.

— Добра было-б, Санчо, каб я ўбачыў цябе нямым раней, як я памру.

— Раней, як ваша міласць памрэ, я буду ўжо есці зямлю і тады я буду такім нямым, што не скажу ні слова да канца свету.

— Усё-адно, Санчо, ніколі твая маўклівасць не пераважыць таго, што ты гаворыш і будзеш гаварыць на працягу свайго жыцця.