Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

два — парачка вельмі падыходзячая. Гэты Камачо задумаў увесь луг пакрыць павеццю з галін і лісцяў. Ён наладжвае там таксама і танцы са шпагамі і бубенчыкамі. Але нішто не зробіць гэтага вяселля такім дастапамятным як тое, што натворыць на ім даведзены да роспачы Басіліё — пастух з той-жа вёскі, што і Кітэрыя. Басіліё закахаўся ў Кітэрыю з самага ранняга дзяцінства, і яна адказвала яго пачуццю тысячай нявінных знакаў прыхільнасці. Каханне Кітэрыі і Басіліё ў іхнім дзяцінстве з’яўлялася забавай для ўсёй вёскі. А калі яны выраслі, бацька Кітэрыі забараніў Басіліё ўваход у свой дом і парашыў выдаць дачку замуж за багатага Камачо; яму здавалася непадыходзячым выдаць яе за Басіліё, якога прырода больш шчодра надарыла сваімі дарамі, як шчасце — сваімі.

— Калі-б усе, якія кахаюць адзін аднаго, жаніліся, — сказаў Дон-Кіхот, — бацькі-б былі пазбаўлены права выбару і не маглі-б выдаваць сваіх дачок замуж, калі і за каго трэба.

— Як-бы там ні было, — казаў студэнт, — але няшчасны Басіліё з таго часу, як даведаўся, што прыгожая Кітэрыя выходзіць замуж за Камачо, заўсёды сумны, задуменны і гаворыць сам з сабою, а гэта яўная і верная адзнака таго, што ён страціў розум. Адным словам, ён так страшэнна пакутуе, што ўсе мы баімся, ці не будзе „так“, сказанае заўтра прыгожай Кітэрыяй, яго смяротным прысудам.

— Супроць усялякага болю, — сказаў Санчо, — ёсць лекі. Ніхто не ведае, што чакае яго наперадзе. Няхай мне скажуць: хто на свеце можа пахвастацца, што ён забіў цвік у кола Фартуны? Між „так“ і „не“ жанчын я-б не адважыўся ўваткнуць і кончык шпількі, бо яму не знайшлося-б там месца. Калі толькі Кітэрыя кахае Басіліё шчыра, я запрапаную яму цэлы мех шчасця, бо каханне глядзіць у акуляры, скрозь якія медзь здаецца золатам, беднасць — багаццем і гной у вачах — пэрламі.

— Калі ты спынішся, Санчо, будзь ты прокляты! — раззлаваўся Дон-Кіхот. — Калі ты пачнеш нанізваць прыказкі і казкі, за табой не ўгнацца і самому чорту, узяў-бы ён цябе!