Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/326

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і сур’ёзным. На выгляд яму было год пяцьдзесят, валасы яго былі з невялікай сівізной, твар з арліным носам, выраз напоўвясёлы, напоўсур’ёзны.

Пра Дон Кіхота Зялёны Плашч падумаў, што ніколі яшчэ ў жыцці не даводзілася яму сустракаць чалавека з такім выглядам. Дон-Кіхот адразу-ж прыкмеціу увагу, з якой разглядаў яго падарожнік, і сказаў:

— Я бачу, што вонкавы выгляд мой выклікае ў вас здзіўленне. Але ваша міласць пакіне здзіўляцца, калі даведаецца, што я рыцар, шукальнік прыгод. Я развітаўся са ўсімі выгодамі і кінуўся ў абымкі лёсу, каб ён занёс мяне, куды яму захочацца. Жадаючы ўваскрасіць ордэн вандроўнага рыцарства, я ужо выканаў значную частку свайго намеру, памагаючы ўдовам, абараняючы дзяўчат, падтрымліваючы жонак, сірот і няпоўналетніх. За мае харобрыя ўчынкі я ўжо трапіў у друк у большасці народаў на зямлі. Каб вы мяне зразумелі, я скажу вам, што я — Дон-Кіхот Ламанчскі, якога завуць у нас „Рыцарам Сумнага Вобразу“. Так што, сен’ёр кабальеро, ні гэты конь, ні зброеносец, ні ўсё маё ўзбраенне, ні вялікая худоба мая не могуць здзіўляць вас, калі вы даведаліся, хто я і якой займаюся прафесіяй.

На гэта Зялёны Плашч адказаў:

— Вам удалося, сен’ёр рыцар, адгадаць маё жаданне, але вам не ўдалося знішчыць маё здзіўленне. Вы сказалі, сен’ёр, што, даведаўшыся, хто вы такі, я пакіну здзіўляцца, але цяпер, калі я гэта ведаю, я яшчэ больш здзіўлены. Ці мажліва, што ў цяперашні час на свеце ёсць вандроўныя рыцары і ў друку існуюць гісторыі пра сапраўдныя рыцарскія ўчынкі? Не магу сабе ўявіць, каб у наш час хто-небудзь памагаў удовам, абараняў дзяўчат, шанаваў замужніх жанчын. Я бязмежна рады, што дзякуючы ўжо вышаўшай з друку гісторыі высокіх і сапраўдных рыцарскіх учынкаў будуць забыты кнігі пра выдуманых рыцараў.

— Многае можна-б сказаць, — пакрыўдзіўся Дон Кіхот, — адносна таго, ці выдуманы гісторыі вандроўных рыцараў, або не.