Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яна дасць вам волю, знайдзіце мяне (сляды маіх учынкаў прывядуць вас туды, дзе я буду знаходзіцца) і паведаміце ўсё, што адбылося між вамі і ёю. Усё гэта, згодна ўмове вашай, не пераступае статутаў рыцарства.

— Прызнаю, — сказаў бакалаўр, — што падраны і брудны чаравік сен’ёры Дульсінеі каштуе больш Касільдэі, і абяцаю накіравацца да сен’ёры Дульсінеі і выканаць усё, што вы ад мяне патрабуеце.

— Вы павінны таксама прызнаць, што рыцар, якога вы перамаглі, не быў і не мог быць Дон-Кіхотам Ламанчскім, а быў другі, падобны да яго, як і я прызнаю, што вы — не бакалаўр Сансон Караско, а другі, падобны да яго, і што мае ворагі надалі вам яго вобраз, каб я зменшыў запал свайго гневу і з лагоднасцю карыстаўся славай сваёй перамогі.

— Усё гэта я прызнаю, але, прашу вас, дазвольце мне падняцца, калі боль ад падання дазволіць зрабіць гэта, бо я знаходжуся ў вельмі дрэнным становішчы.

Дон-Кіхот і Томе памаглі яму падняцца, а Санчо, не гледзячы на відавочнасць, не мог паверыць, што перад яго вачыма знаходзіцца яго зямляк. Адным словам, пан і слуга асталіся пры сваёй памылцы, а рыцар Люстраў і яго зброеносец, хмурыя і сумныя, развіталіся з Дон-Кіхотам і Санчо, спадзяючыся знайсці якую-небудзь мясцінку, дзе можна было-б уставіць рэбры і прыкласці да іх прыпаркі. Дон-Кіхот і Санчо працягвалі сваё падарожжа ў напрамку да Сарагосы, дзе гісторыя і пакідае іх, каб паведаміць, хто такі быў рыцар Люстраў і яго даўганосы зброеносец.


РАЗДЗЕЛ XV
Вельмі кароткі, у якім паведамляецца, хто такі быў рыцар Люстраў і яго зброеносец

Перад тым, як параіць Дон-Кіхоту зноў узяцца за рыцарства, бакалаўр меў нараду з папом і цырульнікам наконт таго, як прымусіць Дон-Кіхота астацца дома. Нарада гэтая