Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

таго, як толькі я перамагу наступную. Але ланцуг прыгод маіх рос (ім цяпер ужо няма ліку), а я не ведаю, якая-ж з іх будзе апошняй і пакладзе пачатак ажыццяўленню маіх чыстых намераў.

Аднойчы яна загадала мне выклікаць на бойку славутую севільскую веліканшу Хіральду[1]. Яна такая харобрая і дужая, нібы зроблена з бронзы, і, не кранаючыся з месца, з’яўляецца самай жвавай і ветранай жанчынай у свеце. Я прышоў, убачыў, перамог яе і прымусіў спыніцца. У гэтым мне памог вецер, які больш тыдня дзьмухаў у адным напрамку.

У другі раз Касільдэя загадала мне ўзважыць старажытныя каменні магутных быкоў Гісандо[2] — справа, якую варта-б даручыць насільшчыкам цяжараў, а не рыцару. І, не гледзячы на гэта, надзеі мае асталіся мёртвымі, а яе патрабаванні і знявага да мяне да гэтага часу жывуць. Нядаўна яна загадала мне аб’ехаць правінцыі ўсёй Іспаніі і ўзяць у вандроўных рыцараў прызнанне, што яе прыгожасць самая высокая, а я — самы харобры і закаханы рыцар на свеце. Я аб’ездзіў ужо большую частку Іспаніі і перамог многіх рыцараў, якія адважваліся супярэчыць мне ў гэтым. Але больш за ўсё я ганаруся тым, што перамог у бойцы славутага рыцара Дон-Кіхота Ламанчскага і прымусіў яго прызнаць, што мая Касільдэя прыгажэй за яго Дульсінею. Адной гэтай перамогай я перамог усіх рыцараў на свеце, бо Дон-Кіхот перамог-бы ўсіх іх. Вядомасць яго, слава і гонар перайшлі да мяне.

Чым вышэй пераможанага ўсе ставяць,
Тым больш пераможцу праславяць…

  1. Хіральда — бронзавая статуя, якая з’яўлялася флюгерам на вяршыні высокай вежы Севільскага сабора. Гэтая статуя, вышынёй у чатыры метры, трымае ў адной руцэ пальмавую галіну, а ў другой — маленькі квадратовы сцяг, які і з’яўляецца флюгерам. Яна была пабудована ў 1568 г. і з’яўляецца прыгожым помнікам маўрытанскага мастацтва.
  2. Быкамі Гісандо завуцца чатыры нязграбныя гранітныя глыбы, якія знаходзяцца ў правінцыі Авіла і крыху падобныя па форме на фігуры быкоў.