сам з Ламанчы, але ніколі не прызнаваў, не мог і не павінен прызнаць рэч, якая хіліць да знявагі прыгожасці маёй сен’ёры; гэты рыцар трызніць. Але паслухаем яшчэ; можа ён выкажацца больш выразна.
— Напэўна выкажацца, — адказаў Санчо, — бо ён сабраўся гаварыць свае скаргі цэлы месяц.
Але рыцар Лесу, пачуўшы, што паблізу яго гавораць, не працягваў сваіх скаргаў, а падняўся і запытаў гучна, але ветліва:
— Хто там? Што за людзі? З ліку тых, што радуюцца; або з ліку тых, што сумуюць?
— З ліку тых, што сумуюць, — адказаў Дон-Кіхот.
— У такім выпадку ідзіце да мяне і будзьце ўпэўнены, што сустрэнецеся з самім сумам, з самім горам.
Пачуўшы такі расчулены ветлівы адказ, Дон-Кіхот разам з Санчо падышоў да яго. Сумны рыцар узяў Дон-Кіхота за руку і сказаў:
— Сядайце сюды, сен’ёр рыцар. Я адразу зразумеў, што вы з ліку спавядаючых вандроўнае рыцарства.
— Сапраўды, — адказаў Дон-Кіхот. — Я рыцар таго ордэна, пра які вы казалі. Хаця душа мая — прытулак суму, няшчасця і гора, тым не менш, яны не выгналі з яе спачування да чужога няшчасця. Я таксама адразу зразумеў, што вашы пакуты адбываюцца ад кахання.
Кажучы так, абодва рыцары ўжо сядзелі поплеч у добрым міры і згодзе, нібыта перад імі не стаяла, калі праменні золку перамогуць цемру, праламіць адзін аднаму галовы.
— Можа, — запытаў рыцар Лесу Дон-Кіхота, — і вы, сен’ёр кабальеро, таксама закаханы?
— На няшчасце, закаканы, хаця пакуты, якія народжаны высокім каханнем, трэба лічыць хутчэй за шчасце, як за няшчасце.
— Гэта праўда, калі-б толькі знявага нашых сен’ёр не муціла наш розум і развагу.
— Ніколі не бачыў я знявагі ад маёй сен’ёры, — сказаў Дон-Кіхот.