Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а яе прыгожасць была падкрэслена і ўдасканалена радзімкай над яе губой, разам з сямю або з васьмю рыжымі валосікамі, нібы залатыя ніткі, даўжынёй больш за дзюйм.

— Ты некалькі перавялічваеш, Санчо: валасы, як ты іх апісаў, вельмі даўгія для радзімак.

— Я павінен сказаць вашай міласці, што гэтыя валасы так ішлі да яе, нібы яна з імі нарадзілася.

— Веру табе, сябра мой, бо прырода не магла стварыць у Дульсінеі нічога, што не было б удасканалена і закончана.

Хітрун Санчо ледзь стрымліваўся ад смеху, слухаючы недарэчнасці свайго пана, так тонка ашуканага ім.

Нарэшце рыцар з зброеносцам селі на сваіх жывёл і паехалі па дарозе ў Сарагосу, каб трапіць на ўрачыстыя святы, якія адбываліся штогод у гэтым славутым горадзе.

Але па дарозе з імі здарыліся шматлікія і значныя здарэнні, пра якія чытач хутка і даведаецца.


РАЗДЗЕЛ XI
Пра дзіўную прыгоду, якая здарылася з харобрым Дон-Кіхотам пры сустрэчы з калясніцаю смерці і яе прыдворным штатам

У глыбокай задуме ехаў Дон-Кіхот сваёй дарогай. Ён не мог прыдумаць, які выкарыстаць сродак, каб вярнуць Дульсінеі першапачатковы яе выгляд. Не заўважаючы нічога, ён апусціў аброць Расінантэ, і конь спыняўся на кожным кроку, каб пашчыпаць зялёнай травы. Нарэшце Санчо вывеў яго з глыбокай задумы, сказаўшы:

— Сен’ёр, сум створаны не для жывёлы, а для людзей, але, калі людзі празмерна аддаюцца яму, яны ператвараюцца ў жывёлу. Падбадзёрцеся, ваша міласць, падбярыце аброць Расінантэ, страсяніцеся і вярніцеся да той жывасці, мець якую павінен вандроўны рыцар! Што гэта такое, чорт вазьмі! Што за заняпад духу! Няхай д’ябал забярэ ўсіх Дульсіней на свеце, таму што бяспека аднаго вандроўнага рыцара даражэй, як усе ператварэнні і чараўніцтвы на свеце.