Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/289

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

робрасці вандроўным рыцарам, як упеўненасць у прыхільнасці да іх дам.

— І я гэта думаю, але лічу, што вашай міласці будзе цяжка гаварыць з сен’ёрай Дульсінеяй адзін-на-адзін. У кожным разе вы можаце атрымаць яе блаславенне толькі праз паркан двара, дзе я бачыў яе першы раз, калі прывёз ёй ліст з весткай пра недарэчнасці і шаленствы, зробленыя вашай міласцю ў глыбіні Сіера-Марэны.

— Парканам здалося табе, няшчасны Санчо, тое месца, адкуль ты бачыў гэтую ніколі дастаткава не ўхвалёную прыгожасць і грацыю. Напэўна, гэта былі галерэі, порцікі, аркады раскошных каралеўскіх палацаў. О, толькі-б убачыць яе яшчэ раз! Кожны прамень, які падзе ад сонца прыгожасці яе, асвеціць розум мой і замацуе маё сэрца…

— Па праўдзе кажучы, сен’ёр, калі я бачыў гэтае сонца сен’ёры Дульсінеі Табоскай, яно не свяціла так ярка, каб кідаць якія-небудзь праменні. Напэўна, гэта адбывалася з той прычыны, што яе міласць у той час прасейвала пшаніцу: падняты густы пыл клаўся наўкола яе твара і зацямняў яго.

— Як ты ўсё яшчэ, Санчо, гаворыш і думаеш, што мая сен’ёра Дульсінея прасейвала пшаніцу, хаця гэты занятак зусім не падыходзіць да знатных асоб. Дрэнна памятаеш ты, о, Санчо, вершы, апісваючыя работы, якімі займаліся ў крышталёвых сваіх палацах німфы. Вынырнуўшы з любімага імі Тахо, яны сядалі на зялёным лузе вырабляць багатыя тканіны, сатканыя з золата, шоўку і пэрлаў. Гэтым, напэўна, была занята і мая сен’ёра, калі ты яе бачыў. Толькі зайздрасць нейкага злоснага чараўніка надае зусім іншыя вобразы таму, што дае мне такое здавальненне. Я баюся, што і ў гісторыі пра мае ўчынкі аўтар, калі ён варожа да мяне ставіцца, мог замяніць адну рэч другой і да адной праўды прымяшаць тысячу няпраўдаў. О, зайздрасць, корань бязмежнай злосці і чарваточына добрадзейнасці!

— Я таксама кажу гэта, — адказаў Санчо. — Думаю, што ў гэтай гісторыі, напэўна, і з маім добрым імем не вельмі