Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/277

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсім светам, сен’ёр бакалаўр, ёсць час, калі трэба нападаць, і ёсць час, калі трэба адступаць. Сапраўдная мужнасць, як гаворыць мой пан, знаходзіцца між двума крайнасцямі — баязлівасцю і безразважнай адвагай. Але раней за ўсё папярэджваю майго пана: калі ён возьме мяне з сабой, дык усё, што мае дачыненне да боек, ён бярэ на сябе аднаго, а я абавязаны толькі даглядаць яго асобу, клапаціцца пра чыстату і забеспячэнне яго ежай. Я, сен’ёр Сансон, не імкнуся набыць славу харобрага, а толькі лепшага і найбольш адданага з зброеносцаў, калі-небудзь служыўшых вандроўнаму рыцару. Калі пан мой Дон-Кіхот захацеў-бы даць мне які-небудзь востраў з тых шматлікіх астравоў, якія ён павінен недзе там сустрэць, буду яму вельмі ўдзячны. Калі-ж ён не дасць мне вострава, я застануся тым-жа, чым я нарадзіўся, і хлеб мой здасца мне такім-жа смачным і нават можа яшчэ смачнейшы без губернатарства. Санчо я нарадзіўся, Санчо і думаю памерці.

— Вы, брат Санчо, — сказаў Караско, — гаварылі, як прафесар з кафедры. Спадзявайцеся на вашага сен’ёра Дон-Кіхота, які вам дасць не толькі востраў але і цэлае каралеўства.

— Гэта відаць будзе потым, — сказаў Дон-Кіхот і папрасіў бакалаўра, калі ён паэт, скласці якія-небудзь вершы з прычыны разлукі з сен’ёрай Дульсінеяй Табоскай.

Бакалаўр адказаў, што паспрабуе гэта зрабіць, хаця і не належыць да ліку славутых іспанскіх паэтаў, якіх, як кажуць, не больш трох з паловай.

Вырашана было, што ад’езд рыцара адбудзецца праз восем дзён.

Дон-Кіхот прасіў бакалаўра захаваць гэта ў сакрэце, асабліва ад пляменніцы і ахмістрыні, каб яны не перашкодзілі ажыццявіць благароднае і харобрае рашэнне.

Усё гэта Караско абяцаў і потым развітаўся, папрасіўшы Дон-Кіхота паведамляць яму пры зручным выпадку пра ўсе свае ўдачы і незадачы.

Санчо таксама пайшоў падрыхтоўваць усё неабходнае для іхняга падарожжа.