Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/250

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цяць грошы, якія ім выплачваюць, не клапоцячыся ні пра вошта іншае. Я адразу-ж адступлюся ад усяго і буду праядаць, як герцаг, свае даходы, а там хоць трава не расці.

— Гэта, брат Санчо, — сказаў канонік, — мае дачыненне толькі да карыстання даходамі; што-ж тычыцца правасуддзя, загадваць гэтым абавязаны ўласнік валоданняў, для чаго патрэбна разуменне, цвярозая развага і асабліва шчырае жаданне быць справядлівым.

— Не ведаю я гэтых філасофій, — адказзў Санчо Панса, — але ведаю толькі, што хацеў-бы хутка атрымаць графства і кіраваць ім, бо душа ў мяне не горш, як у кожнага іншага, а цела больш, як у многіх.

Між тым слугі каноніка, хадзіўшыя на заезджы двор, каб прывесці адтуль уючнага мула, вярнуліся, і калі яны зрабілі стол з каберца і зялёнай травы лугу, усе селі ў цяні некалькіх дрэў. У той час, як яны елі, Дон-Кіхот раптам падняўся і павярнуў вочы ў бок. Адтуль чуліся гукі трубы. З узгорка спускалася многа людзей, апранутых у белае, па звычаю самабічавальнікаў[1]. Здарылася так, што хмары ў той год адмовіліся мачыць сваёй вільгаццю зямлю, і ва ўсіх мястэчках акругі былі наладжаны працэсіі з малітвамі і бічаваннем, каб упрасіць бога паслаць дождж. З гэтай мэтай жыхары вёскі, якая была недалёка адтуль, ішлі працэсіяй да паважаемай імі пустыні, што знаходзілася на скаце гэтай гарыстай лагчыны.

Убачыўшы дзіўную вопратку багамольцаў, Дон-Кіхот, запамятаўшы, колькі разоў і раней яму здаралася бачыць гэта самае, уявіў, што гэта якая-небудзь прыгода і што ў якасці вандроўнага рыцара яму трэба ўзяцца за яе. Яшчэ больш падмацавала яго ў гэтай фантазіі думка, што статуя, якую яны неслі, пакрытую траурам, — знатная сен’ёра, сілай узятая бессумленнымі гэтымі разбойнікамі і нягоднікамі. Як

  1. Самабічавальнікі былі людзі, якія ў масках і ў белых палатняных вопратках наладжвалі працэсіі. Яны ішлі, бічуючы сябе вяроўкамі, пад уплывам рэлігійнага запалу.