Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/246

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўборы, закаханыя прынцэсы, усе гэтыя зброеносцы, стаўшыя графамі, дасціпныя карлікі, любоўныя лісты, каханні, усё гэтае мноства такіх недарэчных рэчаў, якія апісваюцца ў рыцарскіх кнігах? Сен’ёр Дон-Кіхот, пашкадуйце самога сябе, вярніцеся да нармальнага жыцця, навучыцеся карыстацца розумам, скарыстайце разумовы талент ваш на іншае чытанне, якое пайшло-б на карысць душы вашай і на павелічэнне добрай вашай славы.

Дон-Кіхот з вялікай увагай слухаў прамову каноніка, і, калі ён убачыў, што той скончыў, паглядзеў пільна на яго некаторы час, і потым сказаў:

— Мне здаецца, сен’ёр ідальго, быццам вы словамі сваімі мелі на ўвазе даць мне зразумець, што на свеце ніколі не было вандроўных рыцараў і што ўсе рыцарскія кнігі хлусяць і ашукваюць, не маюць карысці і шкодны для грамады, і я дрэнна рабіў, чытаючы іх, яшчэ горш, верачы ім, і горш за ўсё — пераймаючы іх у тым, што абраў сабе такую цяжкую прафесію вандроўнага рыцарства, якой яны вучаць?

— Зусім правільна, — пацвердзіў канонік.

— Але я з свайго боку, — засупярэчыў Дон-Кіхот, — лічу, што пазбаўлены розуму і зачараваны — вы, які нагаварыў столькі хулы супроць рэчы, прызнанай усім светам і вядомай за ісціну. Бо хацець упэўніваць каго-небудзь, што на свеце не існавала ўсіх гэтых дзівосных гісторый і вандроўных рыцараў, усё-адно, што хацець пераканаць, нібыта сонца не свеціць, лёд не ахалоджвае і зямля нас не трымае.

У вялікай прамове, якая была пасля гэтага энергічнага ўступу, Дон-Кіхот выклаў гісторыю іспанскага рыцарства, узяўшы частку матэрыялу з сапраўднай гісторыі і змяшаўшы яе з фантастычнымі выдумкамі аўтароў рыцарскіх раманаў.

— Не магу адмаўляць, сен’ёр Дон-Кіхот, — засупярэчыў яму канонік, — што ёсць некаторая доля праўды ў тым, што вы гаворыце, асабліва ў тым, што тычыцца іспанскіх вандроўных рыцараў. Але ўсё гэта ніколькі не абавязвае мяне верыць гісторыям вялікага мноства іншых рыцараў, пра якіх апавядаецца ў кнігах. Дзіўна, што чалавек, якога так паважаюць,