Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўжо казаў табе, што бываюць розныя спосабы зачаравання. Можа з цягам часу ўсё гэта змянілася і цяпер у звычаі, каб зачараваныя рабілі ўсё тое, што я раблю. Я ўпэўнены ў тым, што я зачараваны, і гэтага дастаткова для спакою майго сумлення, а яно-б мучыла мяне, калі-б я думаў, што я не зачараваны і дазволіў засадзіць сябе ў гэтую клетку.

— Але, тым не менш, — засупярэчыў Санчо, — я кажу, што для большай бяспекі і ўпэўненасці было-б добра, каб міласць ваша паспрабавала выйсці з гэтага астрога, а я з усіх маіх сіл паспрабую садзейнічаць вам і вызваліць вас з клеткі. Паспрабуйце зноў сесці на вашага добрага Расінантэ, які нібыта таксама зачараваны, такі ён сумны і тужлівы. Мы паспрабуем яшчэ раз наша шчасце, накіраваўшыся ў пошукі прыгод. Але калі вам не пашанцуе, заўсёды будзе час вярнуцца ў клетку, у якую я вам абяцаю сесці разам з вашай міласцю.

— Я згодзен зрабіць так, як ты кажаш, Санчо, брат, — адказаў Дон-Кіхот, — і калі ты знойдзеш зручны выпадак вызваліць мяне, ва ўсім буду слухацца цябе. Толькі ўбачыш, Санчо, як ты памыляешся ў сваім меркаванні пра маё няшчасце.

У такіх гутарках вандроўны рыцар і яго няшчасны зброеносец праводзілі час, покуль не даехалі да месца, дзе ўжо іх чакалі поп, канонік і цырульнік. Пагоншчык валоў адразу-ж распрог сваіх жывёл і пусціў іх пасвіцца на гэтай зялёнай і мірнай лагчыне. Зброеносец папрасіў папа дазволіць яго пану выйсці на час з клеткі, бо, калі яго не выпусцяць, астрог яго не будзе такім чыстым, як таго патрабуе стан такога славутага кабальеро, як яго пан. Поп зразумеў, у чым справа, і адказаў, што ахвотна выканаў-бы просьбу Санчо, калі-б не баяўся, што пан яго, убачыўшы сябе на волі, зноў возьмецца за ранейшае і зможа ўцячы туды, дзе ўжо ніхто яго не знойдзе.

— Я ручаюся за тое, што ён не ўцячэ, — адказаў Санчо.

— І я таксама, — сказаў канонік, — асабліва, калі ён мне дасць рыцарскае слова не пакідаць нас без нашай згоды.