Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/237

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У маёй памяці не знікне ласка, якую вы мне ў гэтым замку зрабілі, і я змагу ўзнагародзіць вас за яе, як яна таго заслугоўвае.

Пакуль гэтая гутарка адбывалася між дамамі замка і Дон-Кіхотам, поп і цырульнік развітваліся з донам Фернандо і яго таварышамі, з капітанам і яго братам і з усімі сен’ёрамі. Усе абымаліся адзін з адным і абяцалі паведамляць пра тое, што з імі здарыцца, а дон Фернандо даў папу адрас, куды яму пісаць, каб даведацца пра ўсё, што здарылася з Дон-Кіхотам. З свайго боку ён напіша папу пра ўсё — як пра вяселле, так і пра хрэсбіны Сараіды, пра лёс дона Люіса і пра зварот Люсінды да яе бацькоў. Поп абяцаў таксама выканаць тое, пра што ён яго прасіў. Потым ён сеў вярхом, а таксама і яго сябра — цырульнік, абодва ў масках, каб Дон-Кіхот не апазнаў іх адразу; яны паехалі за возам. Па баках воза ішлі, як ужо было сказана, куадрыльеросы са сваімі крэмневымі стрэльбамі, потым ехаў Санчо на асле, ведучы за аброць Расінантэ. Ззаду ехалі поп і цырульнік на сваіх магутных мулах.

Дон-Кіхот сядзеў у клетцы са звязанымі рукамі, з выцягненымі нагамі, прыхіліўшыся спіной да клеткі, такі маўклівы і ціхі, нібыта гэта быў не чалавек з мяса і крыві, а каменная статуя. Так маўкліва і павольна праехалі яны каля двух міль.

У гэты час поп павярнуў галаву і ўбачыў, што за імі едуць вярхом шэсць або сем чалавек, добра апранутых, якія шпарка іх дагналі вярхом на мулах. Тыя і другія ветліва прывіталі адзін аднаго, а адзін з пад’ехаўшых, які быў канонікам з Таледо і панам усіх, якія яго суправаджалі, убачыўшы працэсію і, галоўным чынам, Дон-Кіхота, сядзеўшага ў клетцы са звязанымі рукамі, не мог стрымацца, каб не запытаць, з якой прычыны вязуць такім чынам гэтага чалавека. Адзін з куадрыльеросаў, да якога ён звярнуўся з гэтым запытаннем, адказаў:

— Сен’ёр, запытайце яго самога, бо мы гэтага не ведаем.

Дон-Кіхот чуў гутарку і сказаў: