Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Прыгожая сен’ёра, як мне здаецца, далейшае знаходжанне наша ў гэтым замку не дасць карысці. Хто ведае, можа да ведама вашага ворага-волата праз таемных шпіёнаў дайшла ўжо вестка пра тое, што я еду знішчыць яго, і павольнасць наша дасць яму зручны выпадак замацавацца ў якім-небудзь непрыступным замку або крэпасці. З гэтай прычыны, сен’ёра, папярэдзім нашай шпаркасцю замыслы ворага і накіруемся безадкладна ў дарогу на добрую ўдачу.

Дон-Кіхот змоўк і пачаў спакойна чакаць адказу прыгожай інфанты, а яна з велічным выглядам папрасіла харобрага рыцара пачакаць некалькі гадзін, пакуль яна вырашыць пытанне пра далейшае падарожжа.

Прайшло ўжо два дні з таго часу, як уся гэтая грамада сабралася на заезджым двары. З той прычыны, што ім здавалася, што час ужо ехаць, яны пачалі выдумляць спосаб, як-бы вызваліць дона Фернандо і Даратэю ад клопату суправаджаць Дон-Кіхота да яго вёскі, дзеля выдумкі звароту каралеве Мікаміконе яе трона, і даць мажлівасць папу і цырульніку завезці рыцара, каб вылечыць яго ад вар’яцтва.

І вось што яны прыдумалі: увайсці ў згоду з селянінам, выпадкова праязджаўшым каля заезджага двара з возам, запрэжаным валамі, і павезці Дон-Кіхота такім чынам: з дзеравяных прутоў яны зрабілі нешта накшталт клеткі, дастаткова прасторнай, каб Дон-Кіхот мог добра змясціцца ў ёй. Потым дон Фернандо, яго таварышы, слугі дона Люіса і куадрыльеросы разам з гаспадаром, — усе пад кіраўніцтвам папа, — закрылі сабе твар маскамі, апрануліся хто так, хто інакш, каб яны маглі здацца Дон-Кіхоту зусім іншымі людзьмі, як тыя, якіх ён бачыў раней у замку. Зрабіўшы гэта ў поўнай цішыні, яны ўвайшлі туды, дзе Дон-Кіхот ляжаў і спаў, адпачываючы ад перажытых ім хваляванняў. Падышоўшы да яго, спакойна спаўшага і зусім не чакаўшага падобнага нападу, яны моцна звязалі яму рукі і ногі, так што, калі ён у трывозе прачнуўся, то не мог нават паварушыцца.

Адразу-ж у яго нарадзілася думка, якую вечна-дзейнае