Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і бачылі толькі, што з імі сурова абышліся, не захацелі заспакоіцца. Цырульнік-жа быў гатовы на ўсё, бо ў час бойкі яму вырвалі бараду і падралі яго ўючнае сядло. Санчо, як верны слуга, пры першым-жа слове свайго пана адразу падначаліўся яму. Чацвёра слуг дона Люіса таксама аставаліся спакойнымі, пераканаўшыся, як мала ім карысці ад адваротнага. Толькі адзін гаспадар упарта настойваў, што трэба пакараць дзёрзкага гэтага вар’ята, які на кожным кроку ўносіць перапалох у яго заезджы двор.

Нарэшце шум сціх, а ўючнае сядло так і асталося ва ўяўленні Дон-Кіхота конскай збруяй, таз — шлёмам і заезджы двор — замкам…

Цяпер, калі быў адноўлены мір і ўсе зноў зрабіліся сябрамі, дзякуючы ўгаварванням суддзі і папа, слугі дона Люіса пачалі зноў настойваць, каб ён безадкладна ехаў з імі дахаты. Покуль ён вёў з імі перамовы, суддзя параіўся з донам Фернандо, Кардэніё і папом, што яму лепш зрабіць у даным выпадку. Было вырашана, што дон Фернандо адкрые слугам дона Люіса, хто ён і паведаміць пра сваё жаданне, каб дон Люіс ехаў разам з ім у Андалузію, бо ўсім вядома аб рашэнні дона Люіса не варочацца цяпер на вочы свайго бацькі, хаця-б яго падралі на шмаццё.

Даведаўшыся, хто такі дон Фернандо і што ён хоча ўзяць з сабой дона Люіса, слугі так умовіліся між сабой: трое з іх вернуцца дадому расказаць пра ўсё, што адбылося бацьку, чацверты-ж астанецца служыць дону Люісу і будзе знаходзіцца пры ім, покуль яны ўсе не вернуцца па яго або не даведаюцца, што ім загадае зрабіць яго бацька.

Такім чынам сціхла гэтая чарада сварак. Але закляты вораг згоды і праціўнік міру[1], убачыўшы, як ён пераможаны і асмеяны і якую малую меў ён карысць з усяго гэтага лабірынта спрэчак, парашыў яшчэ раз прыкласці сваю руку і выклікаць новыя сваркі і спрэчкі.

Справа ў тым, што куадрыльеросы, даведаўшыся пра стан людзей, з якімі ў іх адбылася сутычка, заспакоіліся і

  1. Г. зн. д’ябал