Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У гэтым не можа быць сумнення, — сказаў Санчо, — бо з таго часу, як мой пан заваяваў гэты шлём, ён надзяваў яго толькі ў адной бойцы, калі вызваліў няшчасных калоднікаў. Не было-б у яго тады гэгага таза-шлёма, яму давялося-б дрэнна, бо ў той бойцы не было недахопу ў кіданні каменнямі.


РАЗДЗЕЛ XXXIII,
у якім канчаткова растлумачваюцца сумненні адносна шлёма Мамбрыно і ўючнага сядла, а таксама апавядаецца і пра іншыя сапраўдныя здарэнні

Што скажаце вы цяпер, сен’ёры, — усклікнуў цырульнік, на тое, што гэтыя высокародныя паны сцвярджаюць, нібыта гэта не таз для галення, а шлём?

— Таму, хто пачне сцвярджаць адваротнае, — сказаў Дон-Кіхот, — я давяду, што ён хлусіць, калі ён рыцар; а калі ён зброеносец — што ён тысячу разоў хлусіць.

Наш цырульнік, які таксама прысутнічаў пры ўсім гэтым, добра ведаючы дзівацтвы Дон-Кіхота, захацеў заахвоціць яго вар’яцтва і правесці жарт далей і з гэтай прычыны, звяртаючыся да чужога цырульніка, ён сказаў:

— Сен’ёр цырульнік, або хто-б вы ні былі, ведайце, што і я таксама належу да вашай прафесіі больш дваццаці год, маю пасведчанне пра здачу экзамена і добра знаёмы з усімі інструментамі цырульнага майстэрства. Больш таго, я быў у маёй маладосці адзін час салдатам і ведаю таксама, што такое шлём з забралам і іншыя ваенныя рэчы. Скажу, з вашага дазволу, што вось гэтая рэч, якая знаходзіцца тут перад намі і якую добры той сен’ёр трымае ў руках, не толькі не цырульны таз, але таксама далёкі ад таго, каб ім быць, як чорнае далёка ад белага і праўда ад хлусні. Разам з тым я скажу, што гэта хаця і шлём, але не поўны шлём.

— Сапраўды, гэта не поўны шлём, — абвясціў Дон-Кіхот, — бо тут нехапае паловы яго, менавіта — усяго забрала.