Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сараіда вярнулася з невялікай скрынкай, напоўненай такой безліччу чырвонцаў, што яна ледзь несла яе. Між тым, на няшчасце, прачнуўся яе бацька. Пачуўшы шум у садзе, ён глянуў з акна і адразу ўбачыў, што ўсе быўшыя ў садзе — хрысціяне, і пачаў дзіка і ярасна крычаць па-арабску: „Хрысціяне! Хрысціяне! Зладзеі! Зладзеі!“ Крыкі гэтыя прывялі нас у вялікі спалох і замяшанасць, але рэнегат, убачыўшы пагражаючую нам небяспеку, з вялікай паспешнасцю падняўся туды, дзе знаходзіўся Ахі-Марато; разам з ім пабеглі і некаторыя з нашых. Я-ж не мог пакінуць Сараіду, абамлеўшую і паўшую мне на рукі.

Тыя, што падняліся наверх, так шпарка справіліся са сваёю справай, што праз хвіліну яны прывялі Ахі-Марато са звязанымі рукамі і з хусткай, засунутай яму ў рот, не даючы яму праказаць ні слова. Дачка заплюшчыла вочы, каб не глядзець на бацьку. Ён страшэнна спалохаўся, не ведаючы, што яна добраахвотна аддалася нам у рукі. Мы паспяшылі на нашу барку. Не прайшло і двух гадзін, як мы ўжо ўсе сядзелі на барцы.

Бацьку Сараіды развязалі рукі і вынулі хустку з рота, а рэнегат папярэдзіў яго, каб ён не гаварыў ні слова, пагражаючы ў адваротным выпадку забіць яго. Калі Ахі-Марато ўбачыў тут-жа сваю дачку, ён пачаў цяжка ўздыхаць, асабліва пасля таго, як прыкмеціў, што я моцна трымаю яе ў сваіх абымках, а яна астаецца спакойнай. Тым не менш ён маўчаў, баючыся, каб так часта паўтараемыя рэнегатам пагрозы не былі выкананы. Як толькі Сараіда ўбачыла, што мы ўзяліся за вёслы, каб апусціць іх на ваду, а бацька яе і астатнія маўры астаюцца звязанымі, яна сказала рэнегату перадаць мне яе просьбу: адпусціць маўраў, а таксама вярнуць волю яе бацьку, бо яна хутчэй кінецца ў мора, чым будзе сведкай, як бацьку ў яе на вачах і па яе віне вязуць у палон. Рэнегат перадаў мне яе словы і я адказаў, што з задавальненнем згодзен выканаць яе просьбу. Гэтаму пачаў супярэчыць рэнегат. „Не трэба гэтага рабіць, — сказаў ён, — бо калі мы вернем ім цяпер волю, яны адразу-ж па-