Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

для яе робяць. Не імкніцеся дабіцца ад яе адказу, калі не хочаце пачуць з яе вуснаў якую-небудзь хлусню.

— Ніколі я не хлусіла! — усклікнула тая, якая да гэтага часу маўчала. — Наадварот, з той прычыны, што я заўсёды была праўдзівай і не мела звычкі хлусіць, я і апынулася ў такім вялікім няшчасці. Менавіта мая шчырая праўдзівасць робіць вас вераломным і ашуканцам.

Кардэніё выразна пачуў гэтыя словы, бо яго аддзялялі ад гаварыўшай толькі дзверы пакоя Дон-Кіхота, і гучна крыкнуў:

— Што я чую! Чый голас дайшоў да маіх вушэй?

Пры гэтым усклікванні сен’ёра ў масцы здрыганулася, павярнула галаву і, не ўбачыўшы хто гаворыць, паднялася, накіроўваючыся ў суседні пакой. Але яе спадарожнік спыніў яе і не даў зрабіць ні кроку. Ад хвалявання і раптоўнага руху маска з тафты скінулася з твара жанчыны, і пасля гэтага ўсе ўбачылі дзіўную і надзвычайную прыгожасць яго. Твар быў бледны і выражаў спалох. Як-бы нешта шукаючы, вочы яе паглядвалі ва ўсе бакі з такой шпаркасцю, якая надавала ёй выгляд вар’яткі. Гэта праяўленне гора выклікала ў Даратэі і ва ўсіх, хто глядзеў на яе, найвялікшую да яе жаласць, хаця ніхто не ведаў прычыны такіх дзіўных яе паводзін.

Яе спадарожнік моцна схапіў яе за плечы і быў так заняты гэтым, што не мог утрымаць маску з тафты, падаўшую з яго твара.

Даратэя, абымаўшая сен’ёру, убачыла, падняўшы вочы, што той, які таксама трымае яе ў сваіх абымках, быў яе муж — дон Фернандо. Толькі яна апазнала яго, як з самай глыбіні яе душы вырваўся працяглы і жаласны стогн.

Яна пала ніцма, страціўшы прытомнасць, і калі-б каля яе не быў цырульнік, падхапіўшы яе на рукі, яна павалілася-б на падлогу. Адразу-ж кінуўся да яе поп і зняў з яе вуаль, каб апырскаць яе вадой. Як толькі ён адкрыў ёй твар, дон Фернандо, — бо гэта ён трымаў за плечы тую, другую, — апазнаў Даратэю і нібыта замёр.