Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прычыны, што ўсё, зробленае ў гэтым доме, зачароўваецца, як ён у гэтым пераканаўся мінулы раз, калі спыняўся тут.

Даратэя адказала, што і яна так думае, і няхай ён не баіцца, бо ўсё пойдзе добра да поўнага яго задавальнення.

У гэты час гаспадар, стоячы ля дзвярэй заезджага двара, сказаў:

— Унь пад’язджае кампанія багатых гасцей; калі яны спыняцца тут, будзе нядрэнна.

— Што гэта за людзі? — запытаў Кардэніё.

— Чацвёра конных, — адказаў гаспадар, — і едуць яны на кароткіх стрэмях, з коп’ямі і шчытамі ў руках, усе з чорнымі маскамі на твары[1]. Сярод іх — жанчына, уся ў белым, на дамскім сядле, таксама з маскай на твары, і яшчэ двое пешых слуг.

— Яны вельмі блізка? — запытаў поп.

— Так блізка, — адказаў гаспадар, — што пад’язджаюць ужо.

Пачуўшы гэта, Даратэя закрыла сабе твар, а Кардэніё пайшоў у пакой Дон-Кіхота. Толькі паспелі яны гэта зрабіць, як да заезджага двара пад’ехалі тыя, пра якіх казаў гаспадар. Чацвёра коннікаў, на выгляд стройныя і прыгожыя, спыніліся і падышлі да дамы, каб памагчы ёй злезці з сядла, а адзін з іх, узяўшы яе на рукі, пасадзіў на крэсла, якое стаяла ля ўваходу ў пакой Дон-Кіхота, куды схаваўся Кардэніё. Увесь гэты час ні сен’ёра і ніхто з яе спадарожнікаў не знялі з сябе масак і не прамовілі ні слова. Толькі, сядаючы на крэсла, жанчына глыбока ўздыхнула і апусціла рукі, як хворы і трацячы прытомнасць чалавек. Між тым слугі адвялі коней у стайню. Поп, жадаючы даведацца, якія гэта з’явіліся людзі ў такой вопртцы і такія маўклівыя, пайшоў услед за слугамі і запытаўся ў аднаго з іх пра тое, што яму хацелася ведаць.

Слуга адказаў:

  1. У тыя часы, вандруючы, мужчыны і жанчыны насілі звычайна маскі з тонкай шаўковай матэрыі для абароны твара ад сонца, пылу і ветру.