Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адчуў пах, які быў падобны на нешта прэлае, мужчынскае, напэўна, з той прычыны, што яна ад вялікага руху ўспацела, і вельмі дужа.

— Зусім не тое, — сказаў Дон-Кіхот, — а напэўна ў цябе быў насмарк і ты чуў уласны свой пах, бо я добра ведаю, чым пахне гэтая ружа сярод шыпоў, гэтая лілея палёў.

— Усё можа быць, — адказаў Санчо, — бо часта ад мяне ідзе той-жа пах, які, як мне тады здалося, ішоў ад сён’ёры Дульсінеі. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо адзін чорт падобен на другога.

— Ну, кажы далей, — сказаў Дон-Кіхот. — Яна прасеяла зерняты і паслала іх на млын; што-ж зрабіла яна, калі прачытала мой ліст?

— Ліста, — адказаў Санчо, — яна не чытала, бо сказала, што не ўмее ні чытаць, ні пісаць; замест таго яна яго падрала на дробнае шмаццё, кажучы, што не хоча даць прачытаць яго каму-б там ні было, каб у сяле не даведаліся яе тайны, і што з яе хопіць адной маёй перадачы на словах пра каханне вашай міласці да яе і пра надзвычайную эпітымію, якую вы робіце дзеля яе. Нарэшце яна мне загадала сказаць вашай міласці, што цалуе вам рукі і лепш хацела-б бачыць вас, як пісаць вам. Яна ўпрашае вас і загадвае пасля атрымання гэтага адказу паехаць з гэтай заросшай верасам дзікай мясцовасці, пакінуць рабіць недарэчнасці і адразу накіравацца па дарозе ў Табосо, калі другая, больш важная справа не пашкодзіць, бо ў яе моцнае жаданне ўбачыць вашу міласць. Яна вельмі смяялася калі я ёй сказаў, што вас празвалі рыцарам Сумнага Вобразу.

— Покуль усё ідзе добра, — абвясціў Дон-Кіхот, — але скажы, якую каштоўнасць падаравала яна табе на развітанне за тыя весткі, што ты ёй прывёз ад мяне. У вандроўных-жа рыцараў і іхніх дам агульнапрыняты старажытны звычай — дараваць зброеносцам, прыслужнікам або карлікам, якія прыносяць весткі рыцарам ад іх дам і дамам ад іх рыцараў, якую-небудзь каштоўнасць у нагароду за выкананае імі даручэнне.