Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дона Фернандо. Якія намаганні былі мне патрэбны, каб стрымліваць слёзы і здавацца вясёлай, каб не даць бацькам маім прычыны пытацца пра маё нездавальненне і не быць вымушанай адказваць ім хлуснёй. Але ўсё гэта раптам скончылася. Хутка пайшлі ў наша мястэчка чуткі, нібыта дон Фернандо ажаніўся ў суседнім горадзе на дзяўчыне надзвычайнай прыгожасці і вельмі знатнага роду. Казалі, што завуць яе Люсіндай і расказвалі пра дзіўныя абставіны, якія здарыліся ў час яе вянчання.

Пачуўшы імя Люсінды, Кардэніё толькі паціснуў плячыма, закусіў губы, нахмурыў бровы, і з вачэй яго паліліся ручаі слёз.

Але гэта не спыніла Даратэю (так звалі дзяўчыну), і яна казала далей:

— Сумная гэтая навіна дайшла да маіх вушэй, але сэрца маё замест таго, каб застыгнуць ад жаху, загарэлася шаленствам і гневам. Але я стрымала часова сваё шаленства, адважыўшыся на тое, што і ажыццявіла ў тую-ж ноч; я надзела на сябе вось гэтую вопратку, якую мне даў адзін з малодшых пастухоў, служыўшых у майго бацькі, адкрыла яму ўсё маё няшчасце і прасіла яго праводзіць да горада, дзе, як я чула, знаходзіўся мой вораг.

Пераканаўшыся, што я не адступлюся ад свайго намеру, пастух прапанаваў ісці са мной, як ён гаварыў, на край свету.

Я ўзяла палатняную навалачку, жаночую вопратку і крыху грошай, на ўсякі выпадак, і ў начной цішыні пакінула бацькаўскі дом. Я накіравалася ў горад, калі не з мэтаю расстроіць тое, што я лічыла ўжо зробленым, дык, прынамсі, каб запытаць дона Фернандо, як у яго хапіла адвагі на такі ўчынак. Праз два з паловаю дні, уваходзячы ў горад, я запытала, дзе жывуць бацькі Люсінды, і першы сустрэчны, да якога я звярнулася з гэтым запытаннем, паведаміў мне больш, як я таго хацела. Ён паказаў мне дом бацькоў Люсінды і расказаў усё, што здарылася ў час вянчання іх дачкі — падзея да таго агульнавядомая ў горадзе,