Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пануючы над прыхільнасцю і душою маіх бацькоў, я таксама панавала і над іхняй маёмасцю. Я была ў іх і кіраўніцай і гаспадыняй. Вольныя часы, якія аставаліся ў мяне пасля таго, як я зраблю ўсе патрэбныя распараджэнні па гаспадарцы, я праводзіла ў занятках за шыццём, пляценнем кружаў, а часам і за верацяном. І калі часам я пакідала гэтыя заняткі, каб задаволіць мае думкі, я чытала кнігі або грала на арфе, бо вопыт паказаў мне, што музыка заспакойвае ўсхваляванае сэрца і дае адпачынак стомленаму розуму. Я думала, што ніхто, апрача хатніх, не бачыць мяне, бо ў тыя дні, калі я хадзіла да абедні, я заўсёды гэта рабіла вельмі рана і да таго захутаная густым вэлюмам, што вочы мае ледзь маглі бачыць толькі той кавалачак зямлі, на які я станавілася нагамі. Тым не менш вочы кахання, або больш дакладна, гультайства, убачылі мяне: за мной пачаў хадзіць дон Фернандо — так звалі малодшага сына герцага, пра якога я вам казала.

Толькі расказчыца праказала імя дона Фернандо, як раптам Кардэніё змяніўся ў твары; кроплі халодчага поту, выкліканыя моцным хваляваннем, выступілі ў яго на ілбе; поп і цырульнік, глянуўшы на яго, пачалі баяцца, як-бы з ім не здарыўся адзін з тых прыпадкаў шаленства, якія, як яны чулі, часам бывалі ў яго. Але Кардэніё, увесь дрыжачы і, як відаць, хвалюючыся, маўчаў, пільна гледзячы на сялянскую дзяўчыну. Не бачачы хвалявання Кардэніё, яна працягвала сваё апавяданне:

— Дон Фернандо, убачыўшы мяне, загарэўся вялікім каханнем. Але, каб хутчэй скончыць аповесць пра мае няшчасці, абыйду лепш маўчаннем хітрасці, якія выкарыстаў дон Фернандо, каб адкрыць мне сваё каханне. Ён падкупіў усю нашу прыслугу, даваў і прапаноўваў маім сваякам падарункі і ўзнагароду. Запіскі, якія — не ведаю якім чынам — траплялі ў мае рукі, былі бязлікімі напоўнены тлумачэннямі і прапановамі кахання, маючымі ў сабе больш абяцанкаў і кляцьбы, як было ў іх літар. Але ўсё гэта не толькі не захапляла мяне, а наадварот, хутчэй рабіла жорсткай