Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

добра, раз у нас няма паперы, калі-б мы, як гэта рабілі старажытныя, напісалі пісьмо на лістах з дрэва або на васковых дошчачках, але знайсці іх цяпер таксама цяжка, як і знайсці паперу. Але цяпер мне прышло ў галаву, на чым можна таксама добра і нават яшчэ лепш напісаць ліст, — у запісной кніжцы, належачай Кардэніё. А ты паклапоцішся ўжо даць яго перапісаць на паперу і добрым почыркам у першым-жа сустрэчным сяле, дзе ты знойдзеш настаўніка ў школе для хлапчукоў. А калі не знойдзеш, то які-небудзь панамар перапіша табе ліст. Але не давай перапісваць яго каму-небудзь з натарыусаў, якія пішуць так кручкавата, што сам д’ябал нічога не прачытае.

— А як-жа наконт подпісу? — запытаў Санчо.

— У лістах Амадыса ніколі не было подпісу, — адказаў Дон-Кіхот.

— Усё гэта вельмі добра, — сказаў Санчо, — але загад на атрыманне аслят павінен быць абавязкова падпісаны. Калі подпіс будзе перапісаны, скажуць, што ён фальшывы, і я астануся без аслят.

— Загад на аслят я падпішу тут, у гэтай запісной кніжцы, і, убачыўшы мой подпіс, пляменніца мая выканае тое, пра што я пішу. Што-ж тычыцца любоўнага ліста, ты паставіш такі подпіс: „Ваш да труны рыцар Сумнага Вобразу“. І няважна, што ліст гэты будзе напісаны чужой рукою, бо, наколькі я памятаю, Дульсінея не ўмее ні пісаць, ні чытаць і ніколі ў жыцці не бачыла ні майго почырка, ні якога-небудзь ліста майго. На працягу дванаццаці год я бачыў яе ўсяго толькі чатыры разы, і мажліва, у гэтыя чатыры разы яна нават не заўважыла, што я на яе гляджу: да таго строга і ў такой адзіноце яе выхоўвае бацька, Ларэнсо Кархуэло, і маці, Альдонса Ногалес.

— Та-та! — усклікнуў Санчо. — Значыць, дачка Ларэнсо Кархуэло і ёсць сен’ёра Дульсінея Табоская, інакш называемая Альдонса Ларэнсо?[1]

  1. Сярод іспанскіх сялян, не маючых прозвішчах, было ў звычаі да імя дзяцей, асабліва дзяўчын, дадаваць імя бацькі.