Але хоць яны і прыехалі зусім нядаўна, місіс Тутс ужо заўладала дзіцем, узяла яго на рукі і, прысеўшы на ступеньку лесвіцы, абдымала яго і ласкала. Фларэнс стаяла тут-жа, нахіліўшыся над ёй.
— А ваш татуля надта хворы, ненаглядная мая міс Флой? — запыталася С'юзен.
— Ён надта, надта хворы, — адказала Фларэнс. — С'юзен, любая, цяпер вы не называеце мяне так, як называлі раней. Але што гэта азначае? — са здзіўленнем запыталася яна, дакрануўшыся да яе плацця. — Ваша ранейшае плацце? Ранейшы капялюшык і локаны, усё па-стараму?
— Дарагая міс Домбі, — выступіўшы наперад, сказаў містэр Тутс, — я растлумачу. Гэта самая дзівосная жанчына. Мала хто можа з ёю зраўняцца! Яна заўсёды казала — казала яшчэ да нашага вяселля і паўтарала да гэтага часу, — што, калі-б вы не вярнуліся, яна прыдзе да вас у тым самым плацці, якое насіла раней, калі служыла ў вас, бо баіцца — раптам яна здасца вам чужой, і вы будзеце менш любіць яе. Я асабіста захапляюся гэтым плаццем, — сказаў містэр Тутс. — Я абажаю яе ў ім! Дарагая міс Домбі, яна зноў будзе вашай пакаёўкай, нянькай, усім, чым была раней. Яна зусім не змянілася. Але, С'юзен, дарагая мая, — сказаў містэр Тутс, які гаварыў з захапленнем і глыбокім пачуццём, — я прашу толькі аднаго: вы павінны памятаць парады доктара і не ператамляцца.
РАЗДЗЕЛ LXI
Яна саступае.
Фларэнс патрэбна была дапамога. Надзвычай патрэбна была дапамога і яе бацьку, і паслугі старой яе сяброўкі былі вельмі каштоўнымі. Смерць стаяла каля яго пасцелі.
Фларэнс заўсёды была з ім. Звычайна ён яе пазнаваў, але ў блюзненні адсоўваў у мінулае тое, што вакол адбывалася. Іншы раз ён гаварыў так, як быццам яго сын нядаўна памёр, і, хоць, паводле яго запэўненняў, ён ні слова не сказаў аб тым, як яна не адыходзіла ад маленькага ложачка, аднак, ён гэта бачыў — ён гэта бачыў. І ён хаваў твар у падушку, плакаў і працягваў схудзелую руку.
Іншы раз ён пытаўся ў яе: «Дзе Фларэнс?» — «Я тут, тата, тут». «Я не пазнаю яе! — усклікваў ён. — Мы так доўга былі разлучаны, што я не пазнаю яе».
Аднойчы ён запытаўся аб тым, ці не пачуў ён голасу С'юзен.
Фларэнс адказала: «Так, любы тата» і запыталася, ці не хоча ён яе бачыць.