Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/585

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, старына! — смеючыся, усклікнуў містэр Фідэр. — Здорава! Сказана і зроблена. Праўда?

— Фідэр, — адказаў містэр Тутс, — віншую вас. Калі вы… вы… будзеце таксама шчаслівым у жанатым жыцці, як шчаслівы я, то больш вам нічога не астаецца жадаць.

— Я, ведаеце, не забываюся пра маіх старых сяброў, — сказаў містэр Фідэр. — Я запрашаю на маё вяселле.

— Фідэр, — сур'ёзна адказаў містэр Тутс, — справа ў тым, што розныя акалічнасці перашкодзілі мне напісаць вам раней, чым шлюб быў узяты. Наша вяселле прайшло надта ціха; на ім прысутнічаў толькі адзін наш сябра, мой і місіс Тутс, капітан, які служыць у… я добра не ведаю, дзе іменна, — сказаў містэр Тутс, — але гэта не мае ніякага значэння. Спадзяюся, Фідэр, што, напісаўшы вам аб здарыўшайся падзеі перад ад'ездам маім і місіс Тутс за граніцу, я выканаў абавязак дружбы.

— Тутс, прыяцель, — сказаў містэр Фідэр, паціскаючы яму руку, — я пажартаваў.

— А цяпер, Фідэр, — сказаў містэр Тутс, — мне хацелася-б даведацца пра вашу думку аб заключаным мною саюзе.

— Ухваляю! — адказаў містэр Фідэр.

— Значыцца, вы ўхваляеце, праўда, Фідэр? — урачыста праказаў містэр Тутс. — А падумайце, як я павінен яе ўхваляць! Вам-жа ніколі не даведацца, якая гэта дзівосная жанчына.

Містэр Фідэр ахвотна палічыў яе такою. Але містэр Тутс паківаў галавою і паўтарыў, што ён гэтага ведаць не можа.

— Бачыце, — сказаў Тутс, — у жонцы мне патрэбен быў розум. Грошы, Фідэр, у мяне былі. Розуму… розуму па сутнасці ў мяне не было.

Містэр Фідэр прамармытаў:

— О, не, розум у вас быў, Тутс!

Але містэр Тутс сказаў:

— Не, Фідэр, не было. Навошта мне гэта таіць? Не было. А там, — сказаў містэр Тутс, паказваючы рукою ў той бок, дзе сядзела яго жонка, — розуму хоць адбаўляй. Мае сваякі не сталі-б пярэчыць або абурацца з прычыны няроўнасці становішча, бо ў мяне ніякіх сваякоў няма. У мяне ніколі нікога не было, апрача апякуна, а яго, Фідэр,я заўсёды лічыў піратам і корсарам. Значыцца, — сказаў містэр Тутс, — да яго-б я не звярнуўся па параду.

— Вядома, — сказаў містэр Фідэр.

— Такім чынам, я зрабіў па-свойму, — заключыў містэр Тутс. — Бласлаўлёны той дзень, калі я гэта зрабіў! Фідэр! Ніхто, апрача мяне, не ведае, які вялікі розум у гэтай жанчыны. С'юзен, дарагая мая, — сказаў містэр Тутс, нечакана выглянуўшы з-за фіранкі, — калі ласка, не стамляйцеся!

— Дарагі мой, — сказала місіс Тутс, — я толькі размаўляю.

— Але, любачка, прашу вас не стамляцца, — сказаў містэр Тутс. — Дапраўды, вы павінны шанаваць сябе. Не стамляйцеся,

581