Прывёўшы гэты ўдалы прыклад, які, здавалася, прымусіў яго крыху заганарыцца, містэр Тутс пажадаў капітану Катлю ўсяго найлепшага і пайшоў.
Сумленны капітан, бачачы ў сябе ў доме Радасць Сэрца і С'юзен, якая яе даглядала, радаваўся і быў самым шчаслівым чалавекам. Па меры таго, як ішлі дні, ён усё больш радаваўся і рабіўся ўсё больш шчаслівейшы. Пасля цэлага раду нарад з С'юзен ён прапанаваў Фларэнс, каб часова запрошаная для ўсякіх хатніх работ дачка пажылой лэдзі, якая звычайна садзілася пад сінім парасонікам на Лідэнхолскім рынку, была заменена, з разважлівасці і дзеля захавання таямніцы, якой-небудзь іншай знаёмай ім асобай, якой-бы яны маглі спакойна даверыцца. Тады С'юзен, што прысутнічала ў часе гэтай размовы, назвала місіс Рычардс, аб якой папярэдне ўжо намякала капітану. Пачуўшы гэта імя, Фларэнс абрадавалася. І ў той-жа дзень С'юзен накіравалася ў жыллё Тудляў, каб выведаць намеры місіс Рычардс, а вечарам вярнулася з трыумфам, у суправаджэнні Полі, такой самай румянай, з тварам, падобным да яблыка. Фларэнс аставалася яшчэ падрыхтаваць С'юзен да разлукі, якая мелася адбыцца. Гэта была значна больш цяжкая справа, бо міс Ніпер вызначалася непахісным характарам і цвёрда вырашыла, што вярнулася яна дзеля таго, каб ніколі не расставацца са сваёй гаспадыняй.
— Дарагая С'юзен, я накіроўваюся ў далёкае-далёкае падарожжа.
— Ну дык што-ж, міс Флой? Тым больш я магу вам спатрэбіцца. Для мяне адлегласць, дзякуй богу, не з'яўляецца перашкодай! — сказала палкая С'юзен Ніпер.
— Але я еду з Уолтэрам, С'юзен, і з Уолтэрам я паеду куды хочаце — усюды! Уолтэр бедны, і я надта бедная, і мне патрэбна навучыцца жыць так, каб абыходзіцца без пабочнай дапамогі і дапамагаць Уолтэру.
— Дарагая міс Флой, — зноў ускрыкнула С'юзен, энергічна страсянуўшы галавой, — вам няма чаго вучыцца таму, як абыходзіцца без пабочнай дапамогі і дапамагаць іншым і быць самых цярплівым, адданым і ўдзячным стварэннем, але дазвольце мне пагаварыць з містэрам Уолтэрам Гэем і вырашыць з ім гэта пытанне, бо я не магу згадзіцца, каб вы адна рушылі ў такое падарожжа. Не магу і не хачу.
— Адна, С'юзен? — запярэчыла Фларэнс. — Адна? Дык-жа Уолтэр бярэ мяне з сабою! — Ах, якая ясная, здзіўленая, захопленая ўсмешка асвятліла яе твар! Шкада, што ён яе не бачыў! — Я ўпэўнена, што вы не будзеце гаварыць з Уолтэрам, калі я папрашу вас не рабіць гэтага, — ласкава дадала яна. — Калі ласка, не гаварыце з ім, дарагая.
С'юзен усхліпнула:
— Чаму не гаварыць, міс Флой?