Надзея, што ўспыхнула ў сэрцы Фларэнс, калі ёй уявілася магчымасць новага дамашняга ачага, да таго часу зусім згасла.
Калі і аставаўся ў яе яшчэ цень надзеі, што ў далёкай будучыні Эдзіт і яе бацька могуць быць шчаслівымі ў сумесным жыцці, то сама яна ўжо не спадзявалася заваяваць бацькаўскую любоў.
Фларэнс любіла яго па-ранейшаму, але паступова пачала любіць яго хутчэй як чалавека, які быў ёй дарагім або мог быць дарагім, чым як рэальнае стварэнне, якое знаходзілася перад яе вачыма. Нейкі ўціхаміраны смутак, з якім яна любіла памёршага маленькага Поля або сваю маці, афарбоўваў яе думкі аб ім і нібы ператвараў іх у пяшчотны ўспамін.
Гэта перамена, калі можна сказаць, адбылася з ёй непрыкметна, падобна пераходу ад дзяцінства да юнацтва, і надышла адначасова з пераходам. Фларэнс было амаль што семнаццаць гадоў, калі, разважаючы ў адзіноце, яна гэта ўразумела.
Цяпер яна часта бывала адна, бо ранейшыя адносіны паміж ёю і яе маткай рэзка змяніліся. Калі здарыўся няшчасны выпадак з яе бацькам і ён ляжаў унізе, Фларэнс упершыню заўважыла, што Эдзіт яе цураецца. Пакрыўджаная, узрушаная, але не разумеючая, як можна гэта пагадніць з яе ласкавым абыходжаннем пры кожнай сустрэчы, Фларэнс аднойчы вечарам пайшла зноў да яе ў пакой.
— Мама, — сказала яна, падышоўшы да яе паціхеньку, — я вас засмуціла?
Эдзіт адказала: «не».
— Напэўна, я ў нечым правінілася, — прадаўжала Фларэнс. — Скажыце мне, у чым? Вы змянілі свае адносіны да мяне, любая мама. Я нават расказаць вам не магу, як востра я адчуваю найменшую перамену, бо люблю вас усім сэрцам.
— Таксама, як і я вас, — сказала Эдзіт. — Ах, Фларэнс, верце мне, ніколі я не любіла вас мацней, чым цяпер!
— Чаму вы так часта мяне пакідаеце і цураецеся мяне? — запыталася Фларэнс, — і чаму вы так дзіўна на мяне пазіраеце, любая мама? Гэта-ж праўда, так?
Цёмныя вочы Эдзіт адказалі ёй сцвярджальна.
— Чаму? — упрашальна паўтарыла Фларэнс. — Скажыце, чаму, каб я ведала, як вам дагадзіць. І скажыце мне, што цяпер будзе інакш.
— Дарагая Фларэнс, — адказала Эдзіт, сціскаючы руку, што абдымала яе шыю, і заглядаючы ў вочы, якія пазіралі на яе з такой любоўю, калі Фларэнс апусцілася перад ёю на калені, — прычыны я не магу вам сказаць. Не мне гэта гаварыць, не вам слухаць, але я ведаю, што гэта так і што так павінна быць. Няўжо-б я рабіла так калі-б гэтага не ведала?